Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы з Украінай узмацнілі кантроль. А з Расеяй?


На беларуска-расейскай мяжы, архіўнае фота
На беларуска-расейскай мяжы, архіўнае фота

Якія захады бясьпекі робяцца ў Беларусі ў сувязі з затрыманьнем 33 расейскіх грамадзян, якія нібыта належаць да так званай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр»?

Некаторыя з затрыманых бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.

Паводле дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Андрэя Раўкова, на тэрыторыі Беларусі застаюцца яшчэ да 200 баевікоў, якіх шукаюць. Раўкоў таксама сказаў, што на тэрыторыі Расеі, пад Псковам і Невелем, рыхтуюцца новыя групоўкі баевікоў.

У прэс-службе МЗС Беларусі паведамілі, што з украінскім бокам дасягнутая дамоўленасьць «аб актывізацыі ўзаемадзеяньня паміж памежнымі ведамствамі і ўзмацненьні памежнага рэжыму ў мэтах недапушчэньня дэстабілізацыі абстаноўкі ў абедзьвюх краінах».

Паводле афіцыйнага прадстаўніка дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антона Бычкоўскага, на ўкраінскім кірунку павялічаць колькасьць памежных нарадаў і ўзмоцняць кантрольныя, прафіляктычныя захады.

Цяпер удакладняецца парадак узаемадзеяньня на розных узроўнях з украінскім бокам.

«Мы абменьваемся інфармацыяй, і ў гэтай сувязі мы больш актыўна будзем выкарыстоўваць інфраструктуру, якая на гэтым кірунку ўжо ёсьць, сярод іншага кантактны пункт Пінск-Жытомір», — сказаў Антон Бычкоўскі.

Паводле Бычкоўскага, у памежнікаў ёсьць магчымасьць рэагаваць на інцыдэнты і пагрозы ў максымальна сьціслыя тэрміны.

«Што да ўмацаваньня памежнага рэжыму на ўкраінскім кірунку, то тут падыход будзе комплексы, паколькі там ёсьць уся неабходная інфраструктура, памежныя падразьдзяленьні. Гэта будзе прадугледжваць дадатковыя меры кантролю за парадкам наведваньня і знаходжаньня грамадзян, у тым ліку замежных, у памежнай зоне і паласе, якая адносіцца да рэжымнай тэрыторыі», — сказаў прадстаўнік памежнага камітэту Беларусі.

Кіраўнікі памежных ведамстваў дзьвюх краін ужо дамовіліся пра ўзмацненьне праверак у пунктах пропуску на ўкраінскім кірунку.

«Будзе ўзмоцнены кантроль асобаў і надгляд транспартных сродкаў, якія накіроўваюцца ў Беларусь, паколькі цяпер адбываюцца важныя палітычныя падзеі ў краіне, узровень бясьпекі, у тым ліку памежны, патрабуе дакладнай наладкі», — сказаў Антон Бычкоўскі.

У той жа час у Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што ахова ўкраінскай дзяржаўнай мяжы па ўсёй лініі ўзмоцнена з 2014 году.

«Кожны год мы супольна зь беларускімі калегамі ў асобныя пэрыяды праводзім спэцыяльныя апэрацыі, накіраваныя на папярэджаньне супрацьпраўнай дзейнасьці», — сказаў прэсавы сакратар Андрэй Дземчанка.

Пра новыя ці іншыя дамоўленасьці па выніках сёньняшняй сустрэчы ў беларускім МЗС у Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны ніякай інфармацыі не атрымлівалі.

А што на мяжы з Расеяй?

На мяжы з Расеяй стацыянарных падразьдзяленьняў памежнай службы Беларусі не было і цяпер няма.

«Форма апэратыўнага забесьпячэньня прымяняецца на ўсіх кірунках, у тым ліку і на расейскім. Яна ня новая і выкарыстоўваецца даўно. Нейкіх новаўвядзеньняў ня будзе. Усе гэтыя мэтады зьвязаныя з атрыманьнем найперш папераджальнай інфармацыі пра нейкія рызыкі і пагрозы памежнай бясьпецы. Усе неабходныя захады ў гэтым пляне ўжо стартавалі і будуць праводзіцца датуль, пакуль неабходна. Я маю на ўвазе апэратыўнае прыкрыцьцё дзяржаўнай мяжы», — сказаў Антон Бычкоўскі.

Ён не канкрэтызаваў, якія робяцца захады, «каб нашыя недругі пра гэта ня ведалі».

Паводле Антона Бычкоўскага, у пунктах пропуску аэрапортаў таксама ўзмоцняць меры памежнага кантролю.

У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту карэспандэнту Свабоды сказалі, што там «працуюць у штатным рэжыме».

Агітацыйны пікет у Менску абгародзяць турнікетамі

У Менскай міліцыі заявілі, што сёньня падчас агітацыйнага пікету Святланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў будуць ахоўваць грамадзкі парадак «ва ўзмоцненым рэжыме».

Месца правядзеньня пікету будзе абгароджана турнікетамі, а праходзіць на яго ўдзельнікі будуць праз кантрольна-прапускныя пункты, абсталяваныя мэталадэтэктарамі. У пунктах пропуску будзе праводзіцца відэадакумэнтаваньне. Асаблівая ўвага будзе аддавацца дарожнай бясьпецы і дарожнаму руху ў месцы правядзеньня пікету.

Менская міліцыя заклікае праяўляць «разумную пільнасьць» адносна падазроных асобаў і рэчаў без нагляду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG