Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьцягі зьнішчыць». Гарадзенца аштрафавалі за бел-чырвона-белыя сьцягі на машыне


Уладзімер Родчанка
Уладзімер Родчанка

Горадзенскага праграміста Ўладзімера Родчанку аштрафавалі на 675 рублёў. Рашэньне вынес суд Ленінскага раёну Горадні 29 ліпеня.

Суд вырашыў, што Ўладзімер Родчанка парушыў закон аб масавых мерапрыемствах (артыкул 23.34 КаАП Беларусі). Пастаноўлена аўтамабіль не канфіскоўваць, а бел-чырвона-белыя сьцягі зьнішчыць. Аднак да таго, як рашэньне ня ўступіць у законную сілу, аўтамабіль гарадзенцу ня вернуць.

Бел-чырвона-белы сьцяг на аўтамабілі Ўладзімера Родчанкі, за які яго затрымалі (а потым забралі і аўтамабіль)
Бел-чырвона-белы сьцяг на аўтамабілі Ўладзімера Родчанкі, за які яго затрымалі (а потым забралі і аўтамабіль)

Справу разглядаў судзьдзя Руслан Гурын. Сьведкамі выступілі супрацоўнікі АМАП Сяргей Сарока і Ўладзімер Сакалоўскі.

Родчанка сваёй віны не прызнаў. Ён — адзіны гарадзенец, пра каго вядома, што ён быў затрыманы 14 ліпеня. Увечары гэтага дня людзі ў розных гарадах Беларусі выходзілі на цэнтральныя вуліцы і плошчы, каб выказаць незадаволенасьць тым, што не зарэгістравалі альтэрнатыўных кандыдатаў на пост прэзыдэнта Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.

Аўтамабіль за кратамі на тэрыторыі аддзелу міліцыі Ленінскага раёну Горадні
Аўтамабіль за кратамі на тэрыторыі аддзелу міліцыі Ленінскага раёну Горадні

Уладзімер Родчанка ехаў каля 21 гадзіны вечары 14 ліпеня на сваім аўтамабілі па цэнтры гораду з двума бел-чырвона-белымі сьцягамі, высунутымі праз вокны аўтамабіля, і слухаў музыку. Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, завезьлі ў райаддзел Ленінскага раёну Горадні, пратрымалі тры гадзіны і адпусьцілі. Ягоны аўтамабіль Volkswagen Tiguan забралі як рэчавы доказ.

Паводле адміністрацыйнага пратаколу, ён аб’ехаў Савецкую плошчу шэсьць разоў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, да таго ж сыгналіў, і такім чынам удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Уладзімер не аспрэчваў, што езьдзіў вакол Савецкай плошчы, аднак, паводле ягоных словаў, ён не парушаў правілы дарожнага руху і не ўключаў гукавога сыгнала.

Родчанка плянуе абскарджваць рашэньне суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG