Насамрэч
Падман.
Ёсьць прыклады, калі байкот выбараў, зладжаных аўтарытарным рэжымам, прыводзіў да кардынальных палітычных зьменаў. Аднак такі посьпех — зьява даволі рэдкая. Амэрыканскі дасьледчык Мэт’ю Фрэнкель з Brookings Institute прааналізаваў досьвед 171 выпадку байкоту і пагрозаў байкотам выбараў, якія адбываліся ў сьвеце з 1990 па 2009 год. Толькі ў 6 выпадках з 171 (4%) байкот меў посьпех.
Найбольш яскравыя зь іх наступныя.
Банглядэш, 1996 год. Апазыцыя байкатуе парлямэнцкія выбары, патрабуючы адыходу ад улады прэм’ера Халеды Зія. Байкот суправаджаецца масавымі пратэстамі і агульнанацыянальным страйкам, які за два дні да выбараў паралізуе краіну. На выбарах партыя Халеды Зія бярэ 205 з 207 месцаў у парлямэнце. Але пад ціскам пратэстаў Зія праз два месяцы абвяшчае датэрміновыя выбары, на якіх апазыцыя бярэ амаль палову месцаў і перамагае партыю Зія.
Пэру, 2000 год. У першым туры прэзыдэнцкіх выбараў кандыдат ад апазыцыі Алехандра Таледа, паводле афіцыйных зьвестак, саступае дзейнаму прэзыдэнту Альбэрта Фухіморы. Паводле вынікаў апытаньняў, лідзіруе Таледа. Ён абвінавачвае ўлады ў фальсыфікацыях і адмаўляецца ўдзельнічаць у другім туры. Без суперніка Фухіморы лёгка перамагае, але краіну ахоплівае хваля пратэстаў. Праз паўгода пад ціскам пратэстаў разам з абвінавачваньнямі ў карупцыі прэзыдэнт падае ў адстаўку.
У тых выпадках, калі байкот выбараў меў посьпех, ён быў часткай шырэйшай палітычнай кампаніі і суправаджаўся масавымі пратэстамі і страйкамі. Аднак часьцей байкот ня меў станоўчага выніку, а часам і спрыяў узмацненьню рэпрэсіўнасьці рэжыму.
Падзяліцеся ў сацыяльных сетках са сваімі сябрамі