Суд Цэнтральнага раёну 21 ліпеня разглядзеў адміністрацыйны пратакол на Аляксея Раманава. Ён прысеў на лаўку ў парку і сфатаграфаваўся з наклеенай там улёткай. Міліцыя вырашыла, што такім чынам Аляксей правёў несанкцыянаваны пікет.
«Я ішоў паркам. На лаўцы была наклеена ўлётка (на ўлётцы надпіс: «Міліцыя з народам! [Жаргонная назва праваахоўнікаў] — з Лукашэнкам!» — РС). Я прысеў на лаўку, папрасіў мінака сфатаграфаваць мяне на фоне ўлёткі. Выявілася, што мінаком быў міліцыянт.
Ён мне сказаў: „Што гэта за правакацыя? Я сам супрацоўнік міліцыі!“ Я кажу: „Якая правакацыя? Ты ж бачыў, што ня я клеіў, мы ж побач з табой ішлі! І што я парушаю?“ Ну ён усьміхнуўся, сфатаграфаваў мяне і пайшоў далей», — расказаў Свабодзе Аляксей Раманаў.
Гэты здымак з улёткай зьявіўся ў гомельскіх тэлеграм-каналах. Міліцыя склала пратакол на Аляксея за «несанкцыянаваны пікет».
Суд пакараў жыхара Гомля штрафам у памеры 20 базавых велічынь.