Прадстаўніца МУС Вольга Чамаданова ў інтэрвію «СБ. Беларусь сегодня» заявіла, што ананімныя тэлеграм-каналы імкнуцца спарадзіць недавер да ўладаў і праваахоўных органаў.
Паводле Чамаданавай, перадвыбарчая кампанія ў Беларусі «праходзіць ва ўмовах сур’ёзнага інфармацыйнага ціску, маніпуляваньня грамадзкай думкай, спробаў дыскрэдытаваць уладу і праваахоўнікаў».
За апошні час у органы ўнутраных справаў паступілі дзясяткі заяваў аб паклёпе, пагрозах, абразах у Telegram-каналах, сказала яна.
«Тое, што адбываецца ў краіне — частка тэхналёгіяў, накіраваных на дэстабілізацыю сытуацыі. Спрабуюць спарадзіць недавер да ўлады, праваахоўных органаў з аднаго боку, з другога — усяліць самім супрацоўнікам няўпэўненасьць у тым, што яны робяць», — сказала Чамаданава.
Акрамя таго, па словах прадстаўніцы ведамства, «падрыхтоўка незаконных акцыяў і вэрбаваньне прыхільнікаў» вядзецца ў тым ліку ў Viber і Telegram.
«Усе бачылі, у што выліліся беспарадкі 14 ліпеня, якія асобныя рэсурсы спрабуюць прадставіць як „мірныя“ акцыі. У Telegram-каналах людзей заклікалі выйсьці на вуліцы, каардынавалі дзеяньні групаў ужо на месцах. Былі справакаваныя бясчынства і напады на супрацоўнікаў міліцыі. Усё гэта ёсьць на відэа і фота ў інтэрнэце. Што ў выніку? Толькі ў Менску — 115 пратаколаў, некалькі крымінальных справаў. Чатыры міліцыянты шпіталізаваныя», — заявіла прэс-сакратарка МУС.
Паводле Чамаданавай, узрост пратэстоўцаў — ад 14 да 30 гадоў, ёсьць сярод іх і тыя, хто ўжо парушаў закон.