Літоўскі ўрад разгледзіць магчымасьць уключэньня прадстаўнікоў уладаў Беларусі ў «чорны» сьпіс у сувязі зь іх роляй у рэпрэсіях супраць апазыцыі і сродкаў масавай інфармацыі, заявіў у пятніцу міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.
Так, міністар пракамэнтаваў заклік старшыні Камітэту ў эўрапейскіх справах літоўскага сойму Гядзімінаса Кіркіласа і лідэра кансэрватыўнай апазыцыі Габрыеліса Ландсбергіса забараніць беларусам, адказным за рэпрэсіі, уезд у Літву паводле так званага закону Магніцкага.
Лінкявічус назваў гэтую ініцыятыву лягічнай і заявіў, што такая магчымасьць будзе разгледжаная.
«Трэба вызначыць такіх людзей і іх адказнасьць ў дзеяньнях. Мы ўважліва разгледзім, і калі будуць падставы і дастаткова інфармацыі, мы гэта зробім. Працэс павінен праходзіць вельмі адказна», — заявіў міністар агенцтву BNS у пятніцу.
У пачатку тыдня Міністэрства замежных справаў Літвы выказала вялікую занепакоенасьць дзеяньнямі беларускіх уладаў падчас выбарчай кампаніі.
Паводле заявы ведамства, «працяг палітычна матываваных рэпрэсіяў і магчымы рост колькасьці новых палітвязьняў будуць мець наступствы для далейшых адносін паміж Эўрапейскім зьвязам і Беларусьсю».
Згодна з так званым законам Магніцкага, Літва можа забараніць уезд у краіну іншаземцам, зьвязаным з буйнамаштабнай карупцыяй, адмываньнем грошай або парушэньнямі правоў чалавека. Ён названы ў гонар Сяргея Магніцкага, адваката, які памёр у расейскай турме ў 2009 годзе.
На гэты момант у гэты сьпіс увайшлі дзясяткі грамадзянаў Расеі, а таксама грамадзянаў Саудаўскай Арабіі, датычных да забойства журналіста Джамала Хашогджы.