Тысячы жыхароў Бялграду вечарам 7 ліпеня зладзілі стыхійную акцыю пратэсту пасьля таго, як прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч абвясьціў аб увядзеньні камэнданцкай гадзіны, каб перашкодзіць распаўсюджваньню каранавірусу, паведамляе «Медуза» са спасылкай на Reuters.
Як паведамляецца, каля 22 гадзін невялікая група пратэстуючых ўварвалася ў будынак парлямэнту Сэрбіі, але пасьля была выціснутая адтуль паліцыянтамі. Пратэстоўцы каля парлямэнту патрабавалі адстаўкі Вучыча. Для разгону прысутных паліцыя выкарыстала сьлёзацечны газ.
У ходзе пратэстаў пацярпелі 43 паліцыянты і 17 дэманстрантаў, паведаміў дырэктар паліцыі Бялграду Уладзімір Рэбіч. Затрыманыя 23 чалавекі, у тым ліку меркаваны арганізатар штурму парлямэнту.
Паводле пляну ўладаў Сэрбіі, жыхарам краіны забароняць пакідаць свае дамы з 18 гадзін пятніцы да 5-й раніцы панядзелка.
- У сямімільённай Сэрбіі паводле стану на 7 ліпеня каранавірус выявілі ў 16 168 чалавек, 330 зь іх памерлі. За апошнія суткі ў краіне зарэгістравалі 299 новых выпадкаў заражэньня і 13 сьмерцяў.
- У Сэрбіі локдаўн з прычыны каранавірусу быў адным з найбольш жорсткіх сярод усіх эўрапейскіх краін. Надзвычайнае становішча і камэнданцкая гадзіна дзейнічалі з 16 сакавіка па 7 траўня.