Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Ціханоўскага, які знаходзіцца ў СІЗА ў крымінальнай справе, суд пакараў 15 суткамі арышту

абноўлена

Суд над Сяргеем Ціханоўскім у Горадні, 1 ліпеня.
Суд над Сяргеем Ціханоўскім у Горадні, 1 ліпеня.

Суд Ленінскага раёну Горадні 1 ліпеня правёў адміністрацыйны працэс над блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які знаходзіцца ў менскім СІЗА нумар 1 як падазарваны па крымінальнай справе.

Палітвязень браў удзел у пасяджэньні горадзенскага суду праз відэасувязь са сьледчага ізалятара ў Менску.

Блогера ў Горадзенскім судзе авінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі (артыкул 23.4 КаАП). На паседжаньне сабралася поўная заля людзей: паплечнікі Ціханоўскага, журналісты, шмат мужчын спартовага выгляду.

Справу разглядаў судзьдзя Юры Казакевіч. Ціханоўскага абараняў адвакат Андрэй Шчапяткоў.

12.30. Суд прызнаў Ціханоўскага вінаватым у непадпарадкаваньні амапаўцам Рахунку і Будніку. Яму далі 15 сутак адміністратыўнага арышту. У судзе пачаліся выклікі «Ганьба», «Судзьдзю на мыла».

«Ганьба», - адказваў Ціханоўскі на пытаньне, ці яму зразумелае пастанаўленне.

«Тут іншага не прывядуць. Тут жа СІЗА», — пажартаваў Ціханоўскі, калі ў пачатку пасяджэньня суд пачаў высьвятляць ягоную асобу.

Суд не зьвязаны наўпрост з крымінальнай справай, за якую Ціханоўскага прызналі палітычным зьняволеным. Суду ў крымінальнай справе яшчэ не было.

Ціханоўскі: «Гэта парушэньне маіх правоў. Я пратаколу ня бачыў​»

Паводле адміністрацыйнага пратаколу, Ціханоўскі 29 траўня на Савецкай плошчы ў Горадні каля 20.00 пры спробе затрыманьня не падпарадкаваўся супрацоўнікам міліцыі Дзьмітрыю Рахунку і Будніку, упіраўся.

«Мне толькі незразумела, чаму з гэтым пратаколам мяне ніхто ніколі не азнаёміў», — паведаміў Сяргей Ціханоўскі.

Ціханоўскі расказаў, што да яго ў СІЗА прыяжджаў участковы з Горадні, хацеў азнаёміць з пратаколам. Ціханоўскі папрасіў прысутнасьці адваката, участковы запісаў тэлефон адваката і зьехаў. Больш, па словах фігуранта, ніхто яго з матэрыяламі адміністрацыйнай справы не спрабаваў знаёміць.

«Я думаю, што гэта парушэньне маіх правоў. Я пратаколу ня бачыў», — сказаў Ціханоўскі.

Паводле даведкі міліцыянта Пігульскага, Ціханоўскаму ўголас зачыталі пратакол, але ён нібыта не хацеў браць копію, каб нідзе не расьпісвацца.
Ціханоўскі такую вэрсію аспрэчыў.

Адвакат заявіў хадайніцтва зрабіць перапынак, каб Ціханоўскі азнаёміўся з матэрыяламі справы. Суд хадайніцтва адхіліў, бо ёсьць даведка аб спробе агучыць пратакол Ціханоўскаму.

Сьведкам выступіў камандзір роты АМАП УУС Горадзенскага аблвыканкаму Дзьмітры Рахунок. Ён гаварыў вельмі ціха. Судзьдзя некалі разоў прасіў гаварыць яго гучней.

Дзьмітры Рахунок хаваў твар ад камэраў. На фота — на чацьвёртай лаве, у чорнай кепцы
Дзьмітры Рахунок хаваў твар ад камэраў. На фота — на чацьвёртай лаве, у чорнай кепцы

Сьведка-амапавец: «Ён найбольш інтэнсіўна стараўся пайсьці з плошчы»

Паводле Рахунка, «у той дзень, калі адбыліся ўсе гэтыя падзеі» (даты ён не памятаў) ён вёў ахову грамадзкага парадку на Савецкай плошчы, знаходзіўся ў рэзэрве. Каля 20.00 паступіў сыгнал аб гвалце ў дачыненьні да міліцыянта. На месцы Рахунок убачыў вялікае згуртаваньне людзей, міліцыянта, які ляжаў на зямлі. Людзі пачалі разыходзіцца. Ад месца падзей адыходзіў і Ціханоўскі, да яго накіраваўся Рахунок з паплечнікам Буднікам. Абодва былі ў чорнай форме.

Па словах Рахунка, яны прадставіліся, папрасілі прайсьці, узялі пад рукі без ужываньня гвалту «ў мэтах асабістай бясьпекі», каб Ціханоўскі не махаў рукамі, не зрабіў шкоды міліцыянтам. Па дарозе, па словах Рахунка, Ціханоўскаму патлумачылі прычыну затрыманьня.

Як расказаў сьведка, Ціханоўскі палову дарогі пасьля затрыманьня міліцыянтамі прайшоў нармальна, а на паўдарозе пачаў супраціўляцца, упіраўся, хапаўся за форменны мундзір са словамі «Гэта правакацыя», зачапіўся рукамі за жоўты бус-кавярню па дарозе. Яго далося адарваць ад аўтамабіля, бо міліцыянты цягнулі яго за рукі.

Рахунок патлумачыў, што Ціханоўскага затрымалі праз падазрэньне ў злачынстве — гвалце ў дачыненьні да міліцыянта. Блогер знаходзіўся «ў месцы непасрэднай блізкасьці ад месца злачынства».

Адвакат заўважыў, што рапарт Рахунка і пратакол міліцыянта Налівайкі, складзеныя ў розныя дні, «слова ў слова супадаюць», нават граматычныя памылкі.

— Чаму вы, калі падышлі да дзясятка чалавек, якія адыходзілі ад міліцыянта на зямлі, выбралі менавіта Ціханоўскага? — запытаўся адвакат у Рахунка.
— Бо ён найбольш інтэнсіўна стараўся пайсьці з плошчы, — адказаў Рахунок.
— Вы заламалі мне рукі і сарвалі з твару маску з надпісам «Страна для жизни». Навошта вы гэта зрабілі? — запытаўся Ціханоўскі ў Рахунка. Судзьдзя зьняў пытаньне як недатычнае справы. — Вы не баіцеся, што беларусы вас тапкамі закідаюць, суседзі вашыя? — задаў яшчэ адно пытаньне без адказу Ціханоўскі.

Па словах Рахунка, ён вёў відэазапіс падзей пры затрыманьні Ціханоўскага, здаў запіс у спэцыяльны пакой на месцы працы. Аднак адвакат зьвярнуў увагу, што на просьбу паказаць гэты відэазапіс ён атрымаў адмову.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG