Адзін з ініцыятараў збору сродкаў для мэдыкаў ByCovid19 Андрэй Стрыжак расказаў, што за тры месяцы ўдалося сабраць рэкордную суму — 355 тысяч даляраў.
На гэтыя сродкі было закуплена для лекараў 450 тысяч сродкаў індвідуальнай абароны і 1500 адзінак мэдычнай апаратуры.
Стрыжак паведаміў Свабодзе, што грошы разьмеркавалі ў шпіталі на набыцьцё неабходнага абсталяваньня і сродкаў індывідуальнай засьцярогі:
«Мы ў шпіталі грошы не адпраўлялі. Толькі СІЗ і апаратуру. Бо важна было закупіць і адправіць тое, што было патрэбна мэдыкам».
Паводле актывіста, нідзе ў суседзяў такой хвалі салідарнасьці не было — пры тым, што кіраўніцтва Беларусі фармальна не прызнала небясьпекі каранавірусу.
Самая вялікая сума, атрыманая ад ахвярадаўца, склала 24 тысячы рублёў. На гэтым кампанія завяршаецца.
У выпадку неабходнасьці заўсёды можам сабрацца
Чаму кампанія завершаная, нягледзячы на тое, што хвароба не адышла? Андрэй Стрыжак тлумачыць гэта так:
«Па-першае, аб’ектыўна зьнізілася цікавасьць у грамадзтве, на пярэдні плян выходзяць больш важныя тэмы, напрыклад прэзыдэнцкія выбары і ўсё, што іх суправаджае. Па-другое, немагчыма ўвесь час працаваць у рэжыме пажарнай камады: дзесьці лякалізавалі, цяпер хай займаюцца структуры, якія мусяць гэта рабіць паводле сваіх абавязкаў. Па-трэцяе, стала спакайней на рынку, ужо можа купіць маскі ці рэсьпіратары па прымальных цэнах. Таму можна сказаць, што скончылася актыўная фаза, але ў выпадку неабходнасьці заўсёды можам сабрацца».
Асноўная нагрузка ў каардынацыі зь дзяржаўнымі ведамствамі і адміністрацыямі лякарняў выпала на долю валянтэраў, бальшыня якіх на гэты час ахвяравалі асноўнай дзейнасьцю.
Паводле Андрэя Стрыжака, бясцэнны досьвед будзе абагульнены, сыстэматызаваны і знойдзе працяг у вучэбным дапаможніку.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ