Паводле юрыста «Вясны» Валянціна Стэфановіча, беларускія праваабаронцы неўзабаве могуць прызнаць затрыманага блогера Ігара Лосіка палітзьняволеным.
Праваабаронцы разглядаюць справы ўсіх затрыманых блогераў як «палітычна матываваныя», гэта тычыцца і Ігара Лосіка, якога вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу 342 (арганізацыя масавых беспарадкаў), зазначыў Свабодзе Стэфановіч.
«Мы разглядаем усіх блогераў, затрыманых паводле 342 артыкулу, у кантэксце палітычных зьняволеных. У дачыненьні да Цыгановіча і Лосіка мы пакуль ня ведаем, у чым канкрэтна іх абвінавачваюць», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
На сёньня праваабаронцы прызналі палітзьняволеннымі 15 чалавек, і гэты сьпіс можа пашырыцца.
На затрыманага адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле артыкулу за арганізацыю масавых беспарадкаў, паведаміла Свабодзе жонка затрыманага Дарʼя Лосік. Крымінальны артыкул 342 прадугледжвае да 3 гадоў турмы.
Ігар Лосік знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ў Менску.
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу ў яго кватэры ў Баранавічах. На ягоны канал «РБ головного мозга» падпісаны 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі вакол маючых адбыцца выбараў прэзыдэнта Беларусі, у тым ліку апошнія затрыманьні падчас «ланцуга салідарнасьці» ў Менску і іншых гарадах 18 і 19 чэрвеня.
На гэтых акцыях людзі патрабавалі вызваліць з-пад варты патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, а таксама відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі за чатыры дні затрымалі звыш 360 чалавек.