Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча папрасіла нарасьціць прысутнасьць на сваёй тэрыторыі салдатаў ЗША


Прэзыдэнты Польшчы і ЗША Анджэй Дуда і Дональд Трамп на сустрэчы ў Вашынгтоне, 24 чэрвеня
Прэзыдэнты Польшчы і ЗША Анджэй Дуда і Дональд Трамп на сустрэчы ў Вашынгтоне, 24 чэрвеня

Польшча зьвярнулася да Злучаных Штатаў з просьбай нарасьціць прысутнасьць амэрыканскіх вайскоўцаў на сваёй тэрыторыі. Пра гэта ў сераду, 24 чэрвеня на сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне паведамілі прэзыдэнты дзьвюх дзяржаваў.

Польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда стаў першым замежным лідэрам, якога прымаюць у Белым доме з пачатку пандэміі каранавірусу.

Выступаючы перад журналістамі, Трамп падкрэсьліў, што зь нецярплівасьцю чакае заключэньня з Варшавай пагадненьня аб супрацоўніцтве ў пытаньнях абароны. Ён нагадаў, што летась былі падпісаныя дзьве сумесныя дэклярацыі аб умацаваньні сувязяў у сфэры бясьпекі. З словаў Трампа, дадатковыя падразьдзяленьні, аб якіх просіць Варшава, магчыма, накіруюць у Польшчу з Нямеччыны.

На пытаньне, ці не спрабуе амэрыканская адміністрацыя тым самым скіраваць нейкі сыгнал Расеі, Дональд Трамп падкрэсьліў, што Масква атрымлівае «вельмі ясны сыгнал», перадае Reuters.

Раней стала вядома аб плянах Злучаных Штатаў скараціць свой вайсковы кантынгент у Германіі на дзевяць з паловай тысяч салдатаў. Трамп ня раз крытыкаваў хаўрусьнікаў у NATO, у тым ліку Нямеччыну, за недастатковыя выдаткі на абарону. Белы дом таксама выказваў незадаволенасьць праектам будаўніцтва трубаправоду "Паўночны паток — 2" з удзелам Расеі. Празь яго расейскі газ мае ісьці ў Эўропу па дне Балтыйскага мора. На прэс-канфэрэнцыі з Дудам у сераду Трамп падкрэсьліў, што на супрацу з Расеяй у энэргетыцы Бэрлін выдаткоўвае мільярды даляраў.

У выніку перамоваў выпушчаная сумесная заява Дональда Трампа і Анджэя Дуды.

У заяве падкрэсьліваецца, што Польшча па-ранейшаму ёсьць адным з самых надзейных партнэраў ЗША ў Эўропе і ў NATO. Супраца паміж краінамі ўва ўсіх сферах, уключаючы энергетычную бяспеку, абарону і эканоміку, будзе ўмацоўвацца. Краіны таксама аб'яднаюць намаганьні ў барацьбе з дэзынфармацыяй, асабліва калі ідзецца пра гістарычную праўду Другой усясьветнай вайны. ЗША і Польшча абавязаліся працягнуць супрацу ў пошуках лекаў і вакцынаў супраць COVID-19.

Шырэй пра заяву ў інфармацыі «Голасу Амэрыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG