Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску каля крамы Symbal.by затрымалі пакупнікоў

абноўлена

Увечары 23 чэрвеня пасьля паведамленьня пра закрыцьцё крамы Symbal.by каля яе ўтварылася чарга з 50 пакупнікоў. Сузаснавальнік крамы Мікіта Броўка паведаміў Свабодзе пра затрыманьне 20 чалавек.​

Пасьля абвесткі пра закрыцьцё крамы, ля яе ўтварылася чарга з 50 пакупнікоў. А 19:40 да крамы падʼехаў аўтазак, удзельнікі чаргі і супрацоўнікі крамы, якія вялі онлайн-трансьляцыю разьехаліся. Сузаснавальнік Symbal.by Мікіта Броўка ў жывым эфіры паведаміў пра затрыманьні ўдзельнікаў чаргі і прыпыніў трансьляцыю. Паводле Броўкі да крамы падʼязжалі два аўтазакі, у іх зьмясьцілі каля 20 чалавек. Сярод затрыманых:

  • Аляксандар Кузняцоў, студэнт, які наладзіў выпуск дэталяў для апаратаў вэнтыляцыі лёгкіх на 3D-прынтары;
  • Ільля Дземчанка;
  • Аляксандар Паплаўскагі;
  • няштатны фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга (вызвалілі а 22:14);
  • Аляксандар Райчонак.

«Выяжджаў аўтамабіль, а людзі, якая стаялі побач з крамай, не давалі яму праехаць, – паведаміла Радыё Свабода прадстаўніца МУС Натальля Ганусевіч. — У мэтах спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў, якія выразіліся ў блякаваньні аўтамабіля, выехаў нарад міліцыі. Некаторыя асобы дастаўленыя для разьбіральніцтва».

Падчас жывой трансьляцыі Symbal.by паміж кіроўцам аўтамабіля, якія выяжджаў з двара і людзьмі ў чарзе адбыўся канфлікт. Паводле сузаснавальніка крамы Паўла Белавуса, за стырном машыны быў мясцовы жыхар.

У той жа час з розных відэа з сацыяльных сетак відаць, што супрацоўнікі АМАП затрымлівалі людзей з чаргі, якія не прысутнічалі падчас канфлікту. АМАП таксама здаганяў людзей у дварах і зьмяшчаў у аўтазак. Сьведкі кажуць пра жорсткія затрыманьні.

Бізнэсовец Павал Белавус абвясьціў пра закрыцьцё афлайн-крамы Symbal.by з 29 чэрвеня. Раней прыпыніла сваю працу онлайн-крама.​Паводле Белавуса, праверкі супраць крамы не спыняюцца праверкі, а толькі павялічваюцца.

12 чэрвеня ў Менску супрацоўнікі ДАІ спынілі кур’ера Максіма Блізьнюковіча, які вёз у краму 419 маек з надпісам «Псіхо3%». Паводле Паўла Белавуса, такія майкі — дызайнэрская прадукцыя кампаніі «Сымбаль Бай». Усе дакумэнты на гэтыя тавары спраўныя, забралі тавар цалкам незаконна, мяркуе Белавус.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG