Беларуская асацыяцыя журналістаў і рэдакцыі беларускіх мэдыя выступілі з сумеснай заявай, у якой патрабуюць спыніць перасьлед журналістаў і абмежаваньні свабоды выказваньня меркаваньня.
Як адзначаецца ў заяве, усяго за 2 дні — 19 і 20 чэрвеня — у Беларусі падчас выкананьня прафэсійных абавязкаў затрымалі як мінімум 14 журналістаў. Некаторых зьбілі падчас затрыманьня, міліцыя нападала на журналістаў нават у прамым эфіры. Пры гэтым большасьць зь іх мелі пасьведчаньні і былі прыкметна абазначаныя як супрацоўнікі СМІ бэйджамі і камізэлькамі.
Журналісты прытрымліваліся патрабаваньняў заканадаўства, якое дазваляе ім прысутнічаць на масавых мерапрыемствах і асьвятляць іх (арт. 34 Закона РБ «Аб СМІ»), у адрозьненьне ад супрацоўнікаў сілавых структур, якія груба парушылі іх правы, падкрэсьліваецца ў заяве.
Таксама апошнім часам журналістам і СМІ не дазваляюць прысутнічаць на пасяджэньнях дзяржаўных органаў, не даюць афіцыйную інфармацыю па значных для грамадзтва пытаньнях (пандэмія COVID-19, выбары), затрымліваюць, штрафуюць і пагражаюць (у тым ліку — пазбавіць СМІ і журналістаў акрэдытацыі), адзначаецца ў заяве.
У супольнай заяве БАЖ і прадстаўнікі СМІ патрабуюць ад кампэтэнтных дзяржаўных органаў:
- строга выконваць арт. 33 і 34 Канстытуцыі РБ, якія гарантуюць свабоду выказваньня меркаваньня, права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі і забарону цэнзуры;
- спыніць перасьлед журналістаў недзяржаўных СМІ, фрылансэраў і журналістаў замежных СМІ за выкананьне імі сваёй працы;
- роўнага стаўленьня да ўсіх СМІ ў частцы акрэдытацыі, даваньня інфармацыі і строгага выкананьня арт. 13 Канстытуцыі, які гарантуе ўсім роўныя правы і магчымасьці свабоднага выкарыстаньня здольнасьцяў і маёмасьці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасьці;
- спыніць падзел СМІ пры забесьпячэньні права на доступ і распаўсюд інфармацыі на дзяржаўныя і недзяржаўныя, пажаданыя і непажаданыя, зручныя і нязручныя, што прадугледжана арт. 13, 33, 34 Канстытуцыі;
- перастаць перашкаджаць законнай прафэсійнай дзейнасьці журналістаў;
- даць прававую ацэнку дзеяньням сілавікоў пры затрыманьні журналістаў і перашкодзе іх працы, прыцягнуць вінаватых да адказнасьці (паводле арт. 198 Крымінальнага кодэксу).
На момант публікацыі пад заявай падпісаліся:
- «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
- Інфармацыйнае агенцтва «БелаПАН»
- «Радыё Свабода»
- Беларускі партал TUT.BY
- «Народная Воля»
- «Интернет-журнал о Минске CityDog.by»
- «Новы Час»
- «Наша Ніва»
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»
- «Рэгіянальная газета»
- «Салiдарнасць» (gazetaby.com)
- «Белорусский партизан»
- Hrodna.life
- «Брестская газета»
- «Еўрапейскае радыё для Беларусі»
- «Белгазета»
- REFORM.by
- By.tribuna.com
- Onliner.by
- Flagshtok.info
- Тэлеканал Белсат
- dev.by
- «Медиа-Полесье»
- Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб'яднаныя масмедыі»
- «Барысаўскія Навіны»
- «Ганцавіцкі Час»
- «Узгорак»
- «Інфа-Кур'ер»
- «Інтэкс-прэс»
- «ex-press.by»
- «Вольнае Глыбокае»
- «Вячэрні Бабруйск»
- «Наша Слова»
- «Інформ-Прагулка»
- «Газета Слонімская»
- «Бабруйскі Кур'ер»
- «Сильные новости»
- Haroshak.by
- Znyata.com
- Беларускае грамадскае аб'яднанне фатографаў
- «Прэсбол»
- Прэс-клуб Беларусь
- Gorod214.by
- Afn.by
- Infobank.by
- «Віцебскі кур'ер news»
- «Ежедневник»
- Mogilev.online
- «Беларускае Радыё Рацыя»