Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін фігурант «справы Ціханоўскага»? Слуцкага блогера Няронскага перавялі ў СІЗА пасьля 40 дзён арышту

абноўлена

Уладзімер Няронскі
Уладзімер Няронскі

Блогера Ўладзімера Няронскага, які завёў YouTube-канал «Слуцк для жизни», трымалі пад адміністрацыйным арыштам 40 дзён, а пасьля зьмясьцілі ў менскі сьледчы ізалятар № 1. Яго вінавацяць у парушэньні трох артыкулаў крымінальнага кодэксу.

Пра гэта са спасылкай на адваката паведамілі Свабодзе родзічы Няронскага. Якое канкрэтна зьбіраюцца выставіць яму абвінавачваньне яны пакуль ня ведаюць. Адзначаюць, што цяпер праводзяцца сьледчыя дзеяньні. Родзічы блогера дапускаюць, што ён стане чарговым фігурантам справы Сяргей Ціханоўскага.

15 чэрвеня жонка Няронскага Марына спадзявалася, што мужа выпусьцяць з ізалятара часовага ўтрыманьня, што на завулку Акрэсьціна ў Менску. Туды яго перавялі 12 чэрвеня са Слуцку, дзе адбываў чарговае адміністрацыйнае пакараньне. Перадачу ў Марыны не прынялі, а 16 чэрвеня адвакат паведаміў, што муж у ізалятары.​

Вядома, што за гэты час ён пабываў у ізалятарах Магілёва, Пухавічаў, Мар’інай Горкі і Слуцку. Па адбыцьці чарговага пакараньня яму дадавалі новае. Пра суды над ім сваякам не паведамлялі.

Начальнік аддзелу інфармацыі цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Сяргей Кабановіч у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН ня стаў гаварыць пра затрыманьне Ўладзімера Няронскага. Ён адзначыў: калі пра ягоны лёс турбуюцца родзічы, то для высьвятленьня абставінаў яго затрыманьня і расьследаваньня справы ёсьць неабходныя каналы сувязі. Што да справы Ціханоўскага, то болей за тое, што на мінулым тыдні сказаў старшыня СК, яму дадаць няма чаго.

Уладзімера Няронскага затрымалі 6 траўня пад Менскам, калі ён з паплечнікамі вяртаўся з Магілёва, дзе напярэдадні яны ладзілі сустрэчу з чытачамі YouTube-каналу «Страна для жизни». Яе магілёўская міліцыя кваліфікавала як «масавае несанкцыянаванае мерапрыемства», і 8 траўня Кастрычніцкі раённы суд Магілёва пакараў Няронскага 10 соднямі адміністрацыйнага арышту нібыта за яго арганізацыю. Разам зь ім асудзілі і ягоных паплечнікаў Аляксандра Арановіча і Арцёма Сакава.

16 траўня стала вядома, што Няронскі ўжо адбывае пакараньне ў Мар’інай Горцы, дзе яму дадалі яшчэ 5 дзён арышту за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Уладзімер Няронскі ў Магілёве на сустрэчы з чытачамі каналу «Страна для жизни»
Уладзімер Няронскі ў Магілёве на сустрэчы з чытачамі каналу «Страна для жизни»

Як высьветліла Свабода ад родных Няронскага, 12 чэрвеня яго з Слуцку, дзе ён адбываў чарговы адміністрацыйны арышт, перавезьлі ў Менск. Ім пра гэта стала вядома ад сьледчага камітэту. У сталіцу яго павезьлі нібыта для «нейкіх сьледчых дзеяньняў». У матчынай кватэры, дзе прапісаны Ўладзімер, адбыўся ператрус.

Напярэдадні Няронскаму дазволілі сустрэцца з жонкай і дзіцём. З жончыных словаў, у мужа пагоршылася здароўе: стала кепска з сэрцам і лёгкімі, акрамя таго, у яго быў нэрвовы зрыў. Яна кажа, што апошні адміністрацыйны арышт мусіў скончыцца 15 чэрвеня ў 14.30.

У няволі Ўладзімер Няроўскі адзначыў 40-годзьдзе (24 траўня). У яго трое непаўналетніх дзяцей.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG