Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе «Белгазпрамбанку» кіраўнік БТ Эйсмант убачыў «замежнае ўмяшаньне»


Іван Эйсмант
Іван Эйсмант

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1», што за справай «Белгазпрамбанку» стаіць «нешта большае, чым проста фінансавыя справы Бабарыкі і яго калегаў».

Гаворачы пра крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніцтва «Белгазпрамбанку», які да нядаўняга часу ўзначальваў прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка, кіраўнік БТ ня выключыў «замежнага ўмяшаньня ў беларускія справы».

«Можна зрабіць выснову, што за ўсёй гэтай гісторыяй стаіць нешта большае, чым проста фінансавыя справы Бабарыкі і яго калегаў. Паводле той інфармацыі, якуюмы маем, назіраюцца спробы замесьці сьляды, што, напэўна, лягічна. Відавочна, што справа ідзе да абнародаваньня куды больш сур’ёзных фактаў у куды больш сур’ёзных катэгорыях. Напрыклад, факт умяшаньня замежнай дзяржавы ў беларускія ўнутраныя справы», — заявіў Эйсмант, не назваўшы пры гэтым самую «замежную дзяржаву».

11 чэрвеня ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Пазьней зьявілася інфармацыя аб затрыманьні 15 чалавек: топ-мэнэджэраў зь ліку кіраўнікоў першага зьвяна, а таксама былых супрацоўнікаў банку.

Пачатыя дзьве крымінальныя справы: паводле арт. 235 КК (Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 КК (Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Сканфіскаваныя буйныя сумы ў валюце, каштоўныя паперы, карціны з карпарацыйнай калекцыі. Агулам — прыкладна на 20 мільёнаў даляраў.

15 чэрвеня экс-старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова ўзначаліла новую часовую адміністрацыю «Белгазпрамбанку».

Расейскія акцыянэры — «Газпромбанк» і «Газпром» — ужо заявілі аб парушэньні заканадаўства Нацыянальным банкам Беларусі пры зьмене кіраўніцтва і будуць дамагацца абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў усімі даступнымі праўнымі сродкамі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG