Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапкала: «Падзеі вакол кандыдатаў і іх прыхільнікаў расцэньваю як спробу ціску»


Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала на зборы подпісаў у Віцебску.
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала на зборы подпісаў у Віцебску.

Прэс-сакратар патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы прыслаў Свабодзе ягоны камэнтар адносна нядаўніх крымінальных справаў — гаворка пра справы супраць супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку» і зьняволеньне Сяргея Ціханоўскага.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Валер Цапкала піша, што да яго паступіла шмат інфармацыі наконт «учорашніх падзеяў» — «прайшлі ператрусы ў шэрагу кампаніяў і асобных людзей», «затрымліваюцца на нейкіх падставах чальцы ініцыятыўных групаў у Менску і вялікіх гарадах», «некаторыя адмяняюць свае пікеты».

«Мы, мая каманда, працягнулі працаваць у штатным рэжыме, пікеты выстаўляюцца ўсюды, асабіста я наведаў, як і плянаваў, пікет у Барысаве, дзе адбылася гадзінная сустрэча з барысаўчанамі, якім мы вельмі ўдзячныя за подпісы і падтрымку», — піша Цапкала.

Згаданыя ім падзеі вакол патэнцыйных кандыдатаў і іхных прыхільнікаў Цапкала «расцэньвае як спробу ціску».

«Але мы справімся і будзем ісьці далей, паколькі бачым, як шмат выдатных людзей, сапраўдных грамадзянаў і патрыётаў у нас вераць, — заяўляе Цапкала. — Вас жа, суайчыньнікаў, я прашу задумацца толькі пра адно.

Мы, прэтэндэнты на найвышэйшую пасаду, жылі і працавалі ў гэтай краіне, і ўсё ў нас было добра, ніякіх пытаньняў з боку органаў або праблемаў з законам не ўзьнікала, але як толькі мы вырашылі прапанаваць альтэрнатыўныя шляхі разьвіцьця Беларусі і паўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, так адразу знайшліся скрынкі з „кампраматам“ і пытаньні з боку праваахоўнікаў. Вось такое супадзеньне! Па-мойму, усё зразумела без камэнтароў».

Цапкала дадае, што выказвае падтрымку ўсім прэтэндэнтам у кандыдаты, а таксама спадзеў на тое, што ўсе дойдуць да стадыі рэгістрацыі.

«Праз церні да зорак: мы ўсе павінны сабрацца і зрабіць усё законнае і магчымае ў межах Канстытуцыі, каб вярнуць ўладу народу», — заклікаў ён.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG