Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве падпісвацца за альтэрнатыву Лукашэнку прыходзілі сем’ямі. ФОТА


Магілёў, 7 чэрвеня
Магілёў, 7 чэрвеня

7 чэрвеня ў Магілёве на пляцоўцы ля гандлёвага цэнтру «Атрыюм» за 200 мэтраў ад гарвыканкаму зьбіралі подпісы ў падтрымку альтэрнатыўных вылучэнцаў на прэзыдэнцтва: Віктара Бабарыку, Валера Цапкалу, Андрэя Дзьмітрыева, Сяргея Чэрачня, Сьвятлану Ціханоўскую.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Што адбываецца ў Беларусі 7 чэрвеня

Ахвотнікі падпісацца за прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду выстройваюцца ў доўгія чэргі. Найбольшая з іх была за Ціханоўскую. Яна расьцягвалася да 70 мэтраў. Людзі выстойвалі ў ёй да 45 хвілінаў. Падпісаўшыся за Ціханоўскую, яны становяцца ў чаргу да іншых вылучэнцаў. Прыходзілі, каб паставіць подпісы за іх, сем’ямі. Выбарчыя пікеты праходзяць без канфліктаў зь міліцыяй. Міліцыянтаў у форме наагул няма на пляцоўцы.

«Мы прыйшлі падтрымаць альтэрнатыву Лукашэнкі. Краіна пад ягоным кіраўніцтва апынулася ў крызісе. Ён нічога ня можа прапанаваць новага. Упершыню за многія гады ў яго зьявіліся рэальны канкурэнты», — казалі людзі чэргах.

«Словы Лукашэнкі, што ён не аддасьць нікому краіны гучаць камічна, — даводзілі ахвотнікі падпісацца за альтэрнатыўных вылучэнцаў на прэзыдэнцтва. — Беларусь не ягоная ўласнасьць. Яна належыць народу і ён мае права мяняць кіраўніка...».

«Падзеі апошняга часу з затрыманьнямі, арыштамі і вобшукамі сьведчыць, што ў дзейнага прэзыдэнта ня вытрымалі нэрвы. Рэпрэсіі супраць тых хто яго не падтрымлівае — гэта тое адзінае, што ён можа прапанаваць людзям», — адзначалі суразмоўцы карэспандэнта Свабоды.

«Зьмена палітычнага рэжыму і рэфармаваньне эканомікі і сацыяльнага жыцьця не прынясе адразу лепшага жыцьця. Але праз такія цяжкасьці праходзілі ўсе хто выходзіць з застаю. Наша цяперашняя праславутая стабільнасьць — гэта тупік», — абураліся людзі ў чарзе.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG