Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канстытуцыйным судзе і Нацыянальным сходзе «прынялі да ведама» прапанову аб скасаванні пасады прэзыдэнта


Кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) атрымала адказы зь дзяржаўных установаў на іх прапанову «Праграма канстытуцыйных пераўтварэньняў».

Грунтоўная прапанова канстытуцыйнай рэформы распрацаваная партыйнымі экспэртамі з прыцягненьнем аўтарытэтных юрыстаў — былых чальцоў Канстытуцыйнага суду Міхаіла Пастухова і Валера Фадзеева. Цалкам дакумэнт выдадзены ў «Бібліятэцы сацыял-дэмакрата».

Перадусім разглядаецца асноватворнае пытаньне: паводле якой Канстытуцыі жыць надалей? Аляксандар Лукашэнка публічна анансаваў зьмены ў Асноўны Закон, але пакуль пра нейкія вынікі працы ў гэтым кірунку невядома.

Незалежныя экспэрты вылучаюць чатыры напрамкі разьвіцьця канстытуцыйнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь:

  • 1. Унясеньне паправак у Канстытуцыю 1994 году са зьменамі і дапаўненьнямі, прынятымі на рэфэрэндумах 1995, 1996 і 2004 гадоў;
  • 2. «Малая Канстытуцыя» ў якасьці пераходнай мадэлі да новага дзяржаўнага ладу;
  • 3. Вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году і ўнясеньне ў яе зьменаў і дапаўненьняў;
  • 4. Прыняцьце новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

На кожны пункт прыводзіцца абгрунтаваньне «за» і «супраць», але ў цэнтры ўвагі пытаньне пра тое, ці патрэбная Беларусі прэзыдэнцкая ўлада.

«Варта прызнаць, што першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь скампрамэтаваў інстытут прэзыдэнцкай улады і прымусіў задумацца аб мэтазгоднасьці яго захаваньня. Прынамсі цяперашнія паўнамоцтвы прэзыдэнта, устаноўленыя праз папраўкі ў Канстытуцыю на рэфэрэндумах 1996 і 2004 гадоў, не адпавядаюць дэмакратычным прынцыпам дзяржаўнага ладу», — адзначаюць ініцыятары канстытуцыйных пераўтварэньняў.

На іх перакананьне, аптымальнай формай праўленьня для Рэспублікі Беларусь магла б стаць парлямэнцкая рэспубліка. Пры такім ладзе пасада прэзыдэнта можа быць або скасаваная, або захаваная ў «мяккай» форме.

Старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў днямі атрымаў адказы наконт такіх прапановаў з Канстытуцыйнага суду, прэзыдэнцкай адміністрацыі і абедзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу. Практычна ва ўсіх выпадках аўтараў запэўнілі, што іх пазыцыя «прынятая да ведама», і толькі ў лісьце за подпісам старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Валянціна Семянякі гаворыцца, у якім выпадку падобныя ініцыятывы маюць права на жыцьцё.

Па яго словах, праекты законаў аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю дэпутаты парлямэнту разглядаюць на падставе прапановы прэзыдэнта або з ініцыятывы ня менш як 150 тысяч грамадзян краіны, якія валодаюць выбарчым правам.

Са спасылкай на дзейную Канстытуцыю гаворыцца, што разьдзелы І, ІІ, IV і VIII Асноўнага Закону, якія тычацца формы дзяржаўнага кіраваньня, могуць быць зьмененыя шляхам рэфэрэндуму. Астатнія — шляхам прыняцьця закону аб унясеньні ў Канстытуцыю зьменаў і дапаўненьняў.

На гэты момант у Палаце прадстаўнікоў няма законапраектаў, якія прадугледжвалі б карэктаваньне Асноўнага Закону Рэспублікі Беларусь, падсумаваў дэпутат Семяняка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG