81-гадовая гарадзенка Галіна Філіпаўна Андрэйчык адказала Лукашэнку пра свой «палац», а тэлеканалу БТ — на разгалошваньне ейнай асабістай інфармацыі.
«Дзякуй табе, дзетанька, дзякуй табе, сыночак»
81-гадовая гарадзенка, дацэнт, вэтэран працы Галіна Філіпаўна Андрэйчык праславілася на ўсю краіну двойчы. Першы раз, калі 29 траўня ў Горадні дала кранальнае інтэрвію Сяргею Ціханоўскаму. Блогер прытуліў бабулю, а тая назвала яго ў адказ «сынком». Таксама жанчына выказалася пра «развал» Беларусі.
«Дзякуй, што выйшлі на вуліцу. Ня бойцеся. Ня бойцеся. Калі я памру, я ўсё ж буду ведаць, што зрабіла глыток свабоды. Дзякуй табе, дзетанька, дзякуй табе, сыночак», — кажа падчас стрыму сівая невысокая жанчына.
Другі раз слава знайшла гарадзенку ў вечаровым эфіры БТ 4 чэрвеня, калі з дрона паказалі дом, дзе яна жыве, і агучылі на ўсю краіну сьпіс ейнай прыватнай маёмасьці: кватэра ў цэнтры Горадні, катэдж, «дзьве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус-«трохгодка» мінімум за 25 тысяч даляраў. Ейных дзяцей назвалі афіцыйна беспрацоўнымі.
На Галіну Філіпаўну зьвярнуў увагу, не назваўшы імя, і кіраўнік краіны. Ён 4 чэрвеня сказаў пра 80-гадовую жанчыну ў Горадні, якая «крычала, гарлала» і якая жыве ў «палацы».
«Чаго табе не хапае?» — задаў ён рытарычнае пытаньне на адрас гарадзенкі.
«Пераможам ці не?»
Галіна Філіпаўна сустракае журналістаў са сьлязьмі на вачах.
«А мяне што, цяпер арыштуюць?» — задае яна першае пытаньне.
Кажа, што баіцца перасьледу, хаця — за што?
«Я і так на снатворных сплю. Скажыце, што будзе? Пераможам ці не?» — перажывае жанчына.
Галіна Філіпаўна не хавае сваю ўласнасьць. Так, ёсьць. І не разумее, чаму яна мусіць за гэта апраўдвацца.
Яна расказала, што сапраўды ў яе ёсьць катэдж, які яна пабудавала ў 1990-х гадах. Дом будавалі 38 гадоў, сваімі рукамі. Грашыма сям’і дапамагалі сваякі з Аўстраліі. Дзядзька Ўладзімер і цётка Аліна эмігравалі туды пасьля апошняй вайны.
Жанчына тлумачыць, што стаж у яе — 52 гады, яна выкладала эканамічную тэорыю ў горадзенскіх унівэрсытэтах. За гэты час ашчаджала грошы, адклала сабе «на пахаваньне» 5 тысяч даляраў, каб родныя маглі зь ёй нармальна разьвітацца. Муж Валянцін Міхайлавіч Караўка пасьля Ленінградзкага палітэхнічнага інстытуту працаваў вядучым спэцыялістам па будаўніцтве, пайшоў з жыцьця 4 гады таму.
У Галіны Філіпаўны двое сыноў. Старэйшы працуе ў сфэры турызму ў Санкт-Пецярбургу, малодшы — праграмістам у расейскай фірме ў аўтамабільнай сфэры, раней быў прадпрымальнікам, усталёўваў сыгналізацыю. Цяпер ён разам з маці, дапамагае ёй, працуе на гародзе, разьвёў рыбу ў сажалцы.
«Дык што, мы не маглі пабудаваць?» — зьдзіўляецца пэнсіянэрка.
«Чаму ж яны сюды не зайшлі? Чаго яны пабаяліся?»
Гаспадыня абураецца, што ейную прыватную тэрыторыю паказалі з дрона без дазволу.
«Ці ж гэта можна рабіць, скажыце? Чым чалавек багацейшы, тым і краіна будзе багацейшая. А што ж калгасьнікаў загналі, разагналі, а там бядуюць людзі», — тлумачыць суразмоўца.
Яна не разумее, чаму здымачная група тэлеканалу БТ не зайшла да яе ў госьці, не запыталася, адкуль яны маюць даход.
«Чаму ж яны сюды не зайшлі? Чаго яны пабаяліся? Я б патлумачыла, адкуль крыніца і хто дапамог», — эмацыйна кажа жанчына.
Закід Лукашэнкі, што «жанчына крычала, гарлала», Галіна Філіпаўна аспрэчвае. Кажа, што ў яе проста моцны голас і выразная дыкцыя, яна шмат гадоў працавала лектарам.
Гарадзенка крытыкуе і рыторыку кіраўніка краіны.
«Гэты чалавек кажа розную лухту: „мой народзец“, каровы абасраныя», «галаву адкручу членам ураду». Як такое можна слухаць?.. Што гэта за размова? Ні культуры, нічога. Як так можна прэзыдэнту размаўляць і весьці такія прамовы?" — пытаецца Галіна Філіпаўна.
«Па адным задушаць»
Малодшы сын Дзьмітры моцна зьдзіўлены ўвагай да ягонай маці і іхняй сям’і. Ён прызнаецца, што баіцца правакацый, перажывае за свайго 10-гадовага сына Валянціна.
«Яна (маці. — РС) выказалася, і адразу ўсіх пад адзін капыл, дзяцей, унукаў. Усіх расстраляць, разумееце? Я пры чым? Дзе відэа таго, што я казаў? Я баюся правакацый», — кажа Дзьмітры.
Ён вядзе паказаць іхнія фазэнды. Другі двухпавярховы дом, абшыты сайдынгам, стаіць на ўчастку побач.
«Нехта на адпачынкі езьдзіў, а мы дом будавалі, 38 гадоў, сваімі рукамі. Давайце разьмяшчацца, тут у нас „палацы“. Бачыце, стаіць скураная мэбля, крутая кухня, ванная», — з іроніяй кажа Дзьмітры і паказвае дом без аддзелкі.
Цяпер будоўля замарожаная. Другая недабудаваная фазэнда — гэта фундамэнт лазьні непадалёк.
Дзьмітры не шкадуе, што маці выказалася на плошчы.
«Яна самастойны чалавек. Ад мяне не залежыць. Я не магу ёй загадаць, спыніць. У нас дэмакратыя ў сям’і. „Мама, ідзі, калі ласка, і кажы, што табе набалела“. У нас жа можна выказвацца?» — кажа мужчына.
Гэтая «бабуля», на думку сына, аказалася мацнейшай за некаторых «мужыкоў».
«81 год, інвалід ІІ групы, так напужала, што нават да прэзыдэнта на стол леглі дакумэнты... Навошта фабрыкаваць у сродках масавай інфармацыі свае здагадкі, не праверыўшы, як насамрэч жывуць людзі, і з гэтым безграшоўем ідуць да сваёй мэты, каб жыць у „краіне для жыцьця“», — зьдзіўляецца Дзьмітры.
Дзьмітры ўзгадвае, як Аляксандар Лукашэнка падчас выступу 4 чэрвеня хацеў нагадаць пра расстрэл людзей ва Ўзбэкістане.
«Як пасьля гэтага можна не баяцца за лёс?.. Што я цяпер буду, маўчаць? Па адным нас усіх заламаюць і нафабрыкуюць спраў. Трэба рабіць розгалас. Трэба неяк абараняцца... Маўчаць — яшчэ горш будзе, па адным задушаць», — абураецца Дзьмітры.