У Гомлі ў другой палове дня 5 чэрвеня міліцыя затрымала патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, сябра АГП Уладзімера Няпомняшчых. Цяпер ён знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Я ня ведаю прычын затрыманьня. Кажуць, на мяне ёсьць нейкі пратакол, цяпер буду размаўляць з участковым», — сказаў Свабодзе Няпомняшчых.
Як дадаў Уладзімер Няпомняшчых, міліцыянты хацелі прымусіць яго здаць рэчы ў камэру захоўваньня і надзець маску, але ён адмовіўся гэта рабіць.
Праваабаронца Васіль Палякоў паведаміў Свабодзе, што цяпер на Ўладзімера Няпомняшчых складаюць пратакол, імаверна, па артыкуле 23.34 КаАП (парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства).
Міліцыянты патлумачылі, што складаньне пратаколу тычыцца падзеяў 31 траўня. Тады на пляцоўцы каля ўнівэрмагу «Гомель» праходзіў пікет альтэрнатыўных кандыдатаў па збору подпісаў. «Уладзімер Няпомяшчых там выступаў з мэгафонам — да зьяўленьня міліцыі, якая папярэджвала: „Паважаныя грамадзяне, вашы дзеяньні незаконныя“ ».
Практычна штодзень Уладзімер Няпомняшчых праводзіў пікеты на пляцоўцы каля ўнівэрмагу «Гомель».
У Мазыры 5 чэрвеня міліцыя затрымала Аляксандра Цуканава — адміністратара супольнасьці «Мозырь для жизни», паведамілі Свабодзе яго сябры.
«Аляксандра затрымалі каля рынку „Славянскі“ ў Мазыры, больш пакуль нічога не вядома, ён не дасяжны», — дадалі сябры.
У Мазырскім РАУС Свабодзе адказалі, што «ані ў дзяжурнай частцы, ані ў холе такога грамадзяніна няма, да пабачэньня».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.