36-гадовы Аляксандар Паравы хоча ўвайсьці ў склад участковай выбарчай камісіі на прэзыдэнцкіх выбарах. Каб пераканацца, што просты грамадзянін Беларусі можа лічыць галасы выбарцаў. Расказваем ягоную гісторыю.
«Запыт на сумленнасьць і празрыстасьць ёсьць ва ўсіх»
Тэхнічны дырэктар менскага агенцтва візуальных сэрвісаў #тризайца 36-гадовы Аляксандар Паравы вырашыў падаць заяву аб сваім вылучэньні ў склад участковай выбарчай камісіі на прэзыдэнцкіх выбарах.
Аляксандар Паравы апошнія дзесяць гадоў — індывідуальны прадпрымальнік, аказвае фота- і відэапаслугі на розных імпрэзах. Але ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу імпрэзаў няма, таму і працы ён ня мае.
«Ад пачатку траўня ўся праца „ляжыць на складзе“. Працы няма, але ёсьць вольны час, які з задавальненьнем трачу на тое, што мне цікава. Так удала склалася, што эпідэмія не дала магчымасьці быць з галавой у працы, а заняцца справай, якая мне здаецца вельмі важнай і можа памяняць нашу краіну, калі такім буду не адзін я.
Вельмі хочацца, каб у склад камісій на гэтых амаль шасьці тысячах участкаў у Беларусі прайшлі людзі, якім проста цікава атрымаць сапраўдныя, праўдзівыя вынікі. Самае сьмешнае ў тым, што гэта ніяк не залежыць ад таго, за каго яны галасуюць. Запыт на сумленнасьць і празрыстасьць ёсьць ва ўсіх. Бо ў канчатковым выніку падманваюць усіх».
Аляксандар Паравы раней ня быў назіральнікам на выбарах і ніколі ня быў сябрам нейкай партыі, называе сябе «простым чалавекам, які не хадзіў на мітынгі». Таксама ён не ўваходзіць у склад ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата. Чаму ён вырашыў увайсьці ў склад участковай камісіі?
«Я лічу, што ў нас абсалютна непразрыстыя выбары, я ня ўпэўнены, як на іх лічаць галасы і мой голас. Я хачу на свае вочы ўсё бачыць, хаця б на тым участку, у камісію якога буду падавацца. Я хачу быць упэўнены, што ў скрыню, куды я кідаю бюлетэнь, ніхто нічога не падкіне, што бюлетэні будуць падлічаныя правільна. А гэта магчыма, калі я ўваходжу ў склад выбаркаму.
Я хачу забясьпечыць празрыстасьць, каб асабіста сказаць, што я прызнаю вынік галасаваньня. Бо цяпер атрымліваецца, што мы прызнаём тое, чаго ніхто з нас асабіста ня бачыў, а нейкія людзі падлічылі, закрыўшы сьпінамі ўсе бюлетэні пры падліку, каб назіральнікам нічога не было бачна. Вось чаму іду ў склад камісіі, а не назіральнікам».
«Сказалі чакаць адказу цягам дзесяці дзён»
Аляксандар кажа, што раней і ня ведаў, што мае права ўвайсьці ў склад выбарчай камісіі. На такую думку яго навёў каляндарны плян выбараў, які ён прачытаў. Там гаворыцца, што ўчастковыя камісіі павінны быць створаны не пазьней за 24 чэрвеня. Вылучацца ў склад камісій могуць таксама грамадзяне шляхам падачы заяваў не пазьней за 21 чэрвеня. Заяву павінны падпісаць ня менш як 10 грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Фармуюць камісіі раённыя, гарадзкія выканкамы, мясцовыя адміністрацыі.
«Мне захацелася паспрабаваць», — кажа прадпрымальнік.
Аляксандар зьвярнуўся ў Фрунзенскі выканкам Менску, каб там патлумачылі, як стаць сябрам участковай камісіі і якія запоўніць дакумэнты.
«У тэрытарыяльнай камісіі мне нічым не змаглі дапамагчы, накіравалі ў адміністрацыю. У сакратаркі прыёмнай я таксама ня змог атрымаць інфармацыю. Мяне накіроўвалі ў аддзел ідэалёгіі, я хадзіў туды-сюды. Урэшце я даў зразумець, што не сыду, пакуль не атрымаю патрэбную інфармацыю. Сакратарка некаму патэлефанавала, і ёй сказалі, што ўжо ўсё сфармавана. Я абурыўся, бо яшчэ ўчасткі не сфармаваныя. Я папрасіў пісьмовую адмову. Мяне накіравалі ў аддзел зваротаў. Я папрасіў патлумачыць, на якой падставе мне кажуць, што камісіі сфармаваныя. Сказалі чакаць адказу цягам дзесяці дзён».
Аляксандар хоча даведацца ад адміністрацыі раёну, хто канкрэтна прыме ў яго заяву на ўключэньне ў выбаркам. Яму далі тэлефон адной з намесьніц, але датэлефанавацца да яе ён так і ня змог.
«Калі мяне ўключаць у камісію, то я папрашуся стаць яе старшынёй»
Гэтую гісторыю Аляксандар Паравы выклаў у сваім посьце ў фэйсбуку. Гэты пост стаў вельмі папулярны, на яго адгукнулася багата людзей. Некаторыя таксама вырашылі падацца ў сябры камісій. Аляксандар Паравы завёў Telegram-канал, каб дапамагаць «шукаць адказы на пытаньні» людзям, якіх зацікавіла яго ініцыятыва стаць сябрам участковай камісіі. Telegram-канал мае назву: «Хачу ва ўчастковую камісію на выбарах прэзыдэнта РБ!»
«Я прыемна зьдзіўлены водгукам, які я атрымаў на свой пост. Сёньня мне бясплатна нейкі праграміст зрабіў бота ў мой Telegram-канал, які дапамагае людзям хутка арыентавацца. Я стаўлю для сябе задачу расказваць пра тое, як просты чалавек можа вылучыцца ў склад участковай выбарчай камісіі і што яму для гэтага патрэбна, якія тут ёсьць падводныя камяні, бо я бачу нежаданьне ў выканкамах гаварыць на гэтую тэму. Буду пісаць для простых людзей: да каго зьвяртацца, як дасягаць выніку. Чаму я вырашыў весьці свой канал у выглядзе пытаньняў і адказаў — бо многія нічога ня хочуць недзе шукаць. У іх ёсьць жаданьне нешта рабіць, але ім трэба ўсё разжаваць і паказаць».
Аляксандар кажа, што калі ў кожнай камісіі будзе хоць бы адзін сябар, які прыйшоў туды з уласнай ініцыятывы, то гэта будзе посьпех.
«А калі іх будзе двое, то гэта будзе здорава! Бо тады мы зможам абапірацца хоць на нейкія дадзеныя. Калі мяне ўключаць у камісію, то я папрашуся стаць яе старшынёй. Я не зьбіраюся быць там статыстам. Мне важна сачыць, каб там усё ішло па законе», — кажа ён.
У ЦВК карэспандэнту Свабоды патлумачылі, што да 7 чэрвеня будуць створаныя ўчасткі для галасаваньня. Пасьля гэтага на сваіх сайтах мясцовыя выканкамы і адміністрацыі павінны разьмясьціць тэлефоны асобаў, якія будуць прымаць заявы на ўключэньне ва ўчастковыя камісіі. У тым ліку ад грамадзянаў, якія павінны мець 10 подпісаў ад выбарцаў, што жывуць на тэрыторыі ўчастку.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.