Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест «народ супраць Лукашэнкі» — «Крэмль супраць Лукашэнкі». Ці ўдасца кіраўніку Беларусі зламаць сцэнар выбарчай кампаніі?


Беларускі кіраўнік спрабуе перафарматаваць тэму выбарчай кампаніі. Цяперашняя схема «народ супраць Лукашэнкі» павінна ператварыцца ў «Крэмль супраць Лукашэнкі». І ўсе праціўнікі беларускага лідэра аўтаматычна ператвараюцца ў агентаў Масквы, калябарантаў і здраднікаў.

Сьцісла:

  • Галоўная тэма выбарчай кампаніі Беларусі — гэта вынікі кіраваньня Лукашэнкі, неэфэктыўнасьць і несправядлівасьць улады.
  • Лукашэнка на хаду імкнецца перафармуляваць тэму кампаніі, разыграць «крамлёўскую карту».
  • Кіраўнік Беларусі назваў Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку прарасейскімі кандыдатамі.
  • Падчас сустрэчы Лукашэнкі з старшынём КДБ пагроза незалежнасьці і пагроза Майдану аб’яднаныя ў адну, нібы яны выцякаюць з адзінай крыніцы.
  • Аднак такі плян перафарматаваньня выбарчай кампаніі наўрад ці спрацуе.

Напярэдадні выбарчай кампаніі было шмат гіпотэз, што Лукашэнка будзе праводзіць яе ў вобразе абаронцы беларускай незалежнасьці ад Расеі. І нават чакалася зьяўленьне кандыдата, які будзе адкрыта выступаць за паглыбленьне інтэграцыі з РФ у піку кіраўніку Беларусі. Пакуль такога кандыдата няма.

Аднак калі кампанія пачалася, то хутка высьветлілася, што яе палітычная лёгіка стыхійна выбудавалася па іншым кірунку. Замежная палітыка апынулася на пэрыфэрыі ўвагі грамадзтва. На першы плян выйшлі вынікі кіраваньня Лукашэнкі, неэфэктыўнасьць і несправядлівасьць улады. І паступова выкрышталізавалася наступная схема: народ супраць Лукашэнкі, хто заўгодна, толькі ня ён.

Зразумела, для самога беларускага лідэра гэта стала шокам. І ён на хаду імкнецца памяняць гэтую схему, перафармуляваць тэму кампаніі, разыграць «крамлёўскую карту».

Першым штрыхом у новы малюнак стаў выступ Лукашэнкі на МТЗ 29 траўня. Тады ён адкрытым тэкстам назваў Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку прарасейскімі кандыдатамі, якія вядуць кампанію на расейскія грошы. І выставіў сябе абаронцам беларускай незалежнасьці ад падступнай Расеі.

Дзяржаўныя мэдыя дружна падхапілі і разьвілі гэтую тэму. І сам Лукашэнка на МТЗ, і ўдзельнікі перадачы «Клюб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь 1» шмат увагі аддалі даволі аб’ектыўнаму артыкулу ў расійскім выданьні «Коммерсант», дзе ёсьць камэнтар Сяргея Ціханоўскага.

31 траўня на БелТА зьявіўся блог дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка. Галоўны сэнс яго можна выразіць наступнай цытатай: «Чалавек, які імкнецца да самай высокай дзяржаўнай пасады, сама меней, ня мусіць быць прыкарытнікам замежных спэцслужбаў, тым больш атрымліваць фінансаваньне за мяжой, займацца палітычнай прастытуцыяй і гандлем сувэрэнітэтам на старце яшчэ ня спраўджанай кар’еры».

Тут жа ў Фэйсбуку вядомы афіцыёзны прапагандыст Пётра Пятроўскі сфармуляваў дылему сёлетняй выбарчай кампаніі: патрыёты супраць калябарантаў.

1 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерыя Вакульчыка і даручыў КДБ разам з прэзыдэнтам бараніць «незалежнасьць і сувэрэнітэт нашай дзяржавы». Прычым пагроза незалежнасьці і пагроза Майдану аб’яднаныя ў адну, нібыта яны выцякаюць з адзінай крыніцы. Маўляў, гэта не беларускі народ хоча зьмены ўлады і гатовы на вулічныя пратэсты, а вонкавыя сілы. Пра гэтыя сілы Лукашэнка кажа вельмі туманна і цьмяна.

«Мы ведаем, адкуль вятры дзьмуць на нашу беларускую зямлю, — выказаўся кіраўнік дзяржавы. — На жаль, не з таго боку, адкуль хацелася б».

Каб больш канкрэтызаваць таго вонкавага ворага, Лукашэнка спаслаўся на нядаўнюю публікацыю «газэты суседняй краіны» («Коммерсант»), якая намякае на магчымасьць беларускага Майдану. І дадаў: «Некаторыя нашы хочуць за капейку прадаць усё тое, што тут было створана ня толькі прэзыдэнтам Лукашэнкам, ня толькі ўладай. Народам было створана».

Такім чынам, беларускі кіраўнік спрабуе перафарматаваць тэму выбарчай кампаніі. Цяперашняя схема «народ супраць Лукашэнкі» павінна ператварыцца ў «Крэмль супраць Лукашэнкі». І ўсе праціўнікі беларускага лідэра аўтаматычна ператвараюцца ў агентаў Масквы, калябарантаў і здраднікаў.

Плян элегантны. Пакінем пакуль убаку тое, як на гэта прарэагуе Масква. Таксама вынесем за дужкі пытаньне, наколькі арганічна Лукашэнка глядзіцца ў ролі абаронцы беларускай незалежнасьці ад імпэрскай Расеі.

Больш цікава тое, як такі плян будзе рэалізаваны на беларускім палітычным рынку. Ці спрацуе гэтае пераключэньне інфармацыйнага экрану на іншы канал? На маю думку, не.

Найперш, варта адзначыць, што давер грамадзтва да Лукашэнкі і дзяржаўных мэдыя моцна зьнізіўся. І іх магчымасьці вызначаць парадак дня грамадзкіх дыскусій ужо не такія, як раней.

У Беларусі ідэйнымі праціўнікамі палітыкі інтэграцыі з Расеяй зьяўляюцца нацыянальна-арыентаваныя палітычныя сілы. Калі сачыць за дыскусіяй у Фэйсбуку, то частку беларускіх нацыяналістаў можна зачапіць на гэтую паліттэхналягічную вуду. Але далёка ня ўсіх. Вось нават Зянон Пазьняк даволі прыхільна паставіўся да Сяргея Ціханоўскага. Ужо ня кажучы пра Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца.

Што тычыцца электарату Лукашэнкі і апалітычных абывацеляў, то яны якраз даволі прыхільна, ляяльна ставяцца да Расеі. І зачапіць іх антырасейскімі лёзунгамі будзе зусім няпроста. А калі абвясьціць людзей, якія стаяць у чэргах па ўсёй краіне, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, спрэс агентамі Масквы, то можна атрымаць нават адваротны эфэкт.

Больш тонкая праблема — рэакцыя Захаду. Тут лёгіка Лукашэнкі даволі празрыстая. Абвясьціць беларускі Майдан прарасейскай акцыяй, а ўсе рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў трактаваць як абарону незалежнасьці краіны ад расейскай навалы. І спробы ЗША і ЭЗ асудзіць перасьлед апазыцыі аўтаматычна ператварыць у падтрымку расейскай гібрыднай вайны супраць незалежнасьці Беларусі. Але ж большасьць заходніх краінаў маюць у Менску свае амбасады і могуць добра распазнаць фальшывую гульню.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG