Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевічу, Урбановічу, Вінярскаму — 15 сутак. Удзельнікаў пікетаў асудзілі за «несанкцыянаваныя мерапрыемствы»

абноўлена

Чарга да пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 31 траўня
Чарга да пікету Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 31 траўня

Удзень 1 чэрвеня ў Беларусі пачалі судзіць затрыманых у сувязі з пікетамі для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Хоць самі пікеты законныя, затрыманых судзяць паводле артыкулу за «несанкцыянаванае мерапрыемства» (23.34 КаАП РБ), піша «Вясна».

Лідэра «Народнай грамады» Міколу Статкевіча пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Як паведаміла жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, ён атрымаў 15 сутак, абвінавачаны ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу ў Менску 24 траўня. Гэта быў першы арганізаваны пікет у падтрымку жонкі блогера Сяргея Ціханоўскага, на які выйшлі сотні людзей.

Сам Статкевіч адмовіўся браць удзел у працэсе і не адказваў на пытаньні судзьдзі, бо яму не далі адваката. Ён заявіў, што судзьдзя «гэта нейкі чалавек у халаце». Ад дзяжурнага адваката ён адмовіўся. Сьведкамі выступілі супрацоўнікі міліцыі.

У судзе Цэнтральнага раёну судзілі лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча і актывіста «Эўрапейскай Беларусі»​ Максіма Вінярскага. Выракі абодвум — 15 сутак арышту.

У судзе Савецкага раёну Менску судзьдзя Натальля Бондар разглядала справу Яўгена Гормаша — яго вінавацілі і ў «несанкцыянаваным мерапрыемстве», і ў «непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі» (арт. 23.4 КаАП РБ), і ў «дробным хуліганстве» (арт. 17.1 КаАП РБ). Паводле адразу трох пратаколаў яму прысудзілі штраф у 1350 рублёў. Гормаш крычаў «Ганьба!» на супрацоўніка ДАІ, які афармляў пратакол на кіроўцу каля пікетаў на менскай Камароўцы. Пры першай спробе затрыманьня прысутныя жанчыны ўгаварылі супрацоўнікаў ДАІ адпусьціць мужчыну, яго пазьней затрымалі ў двары «людзі ў цывільным».

Тым часам у Бярозаўцы актывіста Вітольда Ашурка аштрафавалі на 945 рублёў (35 базавых велічыняў) за адзіночны пікет, які праходзіў яшчэ 26 красавіка. Ашурак выйшаў да прахадной заводу «Нёман» з плякатам «Шклавата — наш Чарнобыль», прастаяў там 15 хвілінаў, пакінуў плякат ля прахадной і сышоў, міліцыя тады не перашкалжала акцыі.

Тэлеграм-канал «Эўрапейскай Беларусі» паведаміў, што Андруся Войніча таксама асудзілі на 15 сутак арышту у судзе Першамайскага раёну.

Алену Гурчонак аштрафавалі на 270 рублёў. Такі самы штраф – і за сустрэчу з Сяргеем Ціханоўскім, і за так званае «кармленьне галубоў» прысудзілі Натальлі Карэлінай.

Аляксандра і Юлію Шэлепень пакаралі «сямейным» штрафам. Муж і жонка за інтэрв’ю блогеру Ціханоўскаму павінны сплаціць 432 рубля.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG