Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ пра «паханоў, браткоў, хайп, жыцьцё па законе, а не па паняцьцях»


БТ зноў не заўважыла шматтысячных акцый пратэсту ў розных гарадах Беларусі, якія адбыліся па ўсёй краіне. Але «прайшлося» па Сяргею Ціханоўскім і ягонай камандзе. Узгадалі і Радыё Свабода, якое нібыта дапамагло «вылічыць» чалавека, які ў Горадні акуратна паклаў міліцыянта на зямлю.

«Адзін з праваахоўнікаў ляжыць на зямлі, курчачыся ад болю. Двое міліцыянтаў атрымалі траўмы і былі шпіталізаваныя»

Гаворка інтэлігентнага з выгляду вядоўцы «Галоўнага эфіру» Сяргея Гусачэнкі «перасыпаная» недыпляматычнымі выразамі, кшталту: «паханы», «рэзаць праўду-матку», «рэзаць капусту», «хайп» ды іншымі.

«Ціхім травеньскім вечарам пятніцы ў Горадню на джыпах заехала невялікая дэлегацыя, каб правесьці акцыю па зборы подпісаў... З выгляду ўся кампанія падобная да «паханоў», якія прыехалі рэзаць «праўду-матку». Насамрэч, яшчэ і «капусту», — распавядае вядоўца «Галоўнага эфіру» Сяргей Гусачэнка.

Аднак сьледам ён крытыкуе зьбіральнікаў подпісаў, асабліва не выбіраючы выразаў:

«Стыль кантактаваньня, як кажуць, за дзень ня выправіш: са сваімі — на „кароткай назе“, а на элемэнтарныя пытаньні іншых выбарнікаў адказваць зьбіральнік подпісаў не хацеў», — маецца на ўвазе Сяргей Ціханоўскі.

Асабліва не даючы сабе лішняй працы, Гусачэнка паўтарыў тэкст, які ў пятніцу агучыў ягоны калега Сяргей Лугоўскі. Паўтарылі і апэратыўныя здымкі, якія паказалі па БТ два дні таму.

«У выніку адзін з праваахоўнікаў ляжыць на зямлі, курчачыся ад болю. Двое міліцыянтаў атрымалі траўмы і былі шпіталізаваныя», — з драматызмам ў голасе прамаўляе вядоўца.

А таго, хто выкарыстаў у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі сілу, знайшлі вельмі хутка — «дапамаглі калегі з Радыё Свабода: узялі ў яго інтэрвію», — кажа Гусачэнка.

«Здаў» Гусачэнка і Лукашэнку: «Цікава, што за некалькі гадзін да гэтага прэзыдэнт, размаўляючы з калектывам МТЗ, можна сказаць, папярэджвае: «Хлопцы, не правакуйце, асабліва людзей у пагонах — гэта народ карпаратыўны і сябе ў крыўду дакладна ня дасьць ніякім браткам», — працытаваў Лукашэнку вядоўца «Галоўнага эфіру».

МУС: «Мы бачым падрыхтаваныя, сплянаваныя акцыі»

Першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч паведаміў, што сытуацыя напярэдадні выбараў сур’ёзна распаляецца.

«Мы бачым падрыхтаваныя, сплянаваныя акцыі. Больш за тое, апошнім часам пачалі паступаць пагрозы на адрас старшыняў выбарчых камісій, якія праводзілі выбары ў парлямэнт. У гэтай сувязі хачу заявіць, што МУС мае дастаткова сіл і сродкаў, каб максымальна эфэктыўна нэўтралізаваць гэткую пагрозу», — папярэджвае палкоўнік міліцыі Казакевіч.

Прайшліся і па Мікалаю Статкевічу, які, паводле БТ, зьяўляецца на публіцы раз на 5 гадоў і які то за Расею, то супраць. Гусачэнка прапануе Статкевічу вызначыца, з кім ён. А вось сувязь Ціханоўскага з Расеяй ён называе відавочнай.

«Менавіта там ён і выбіваў свае капіталы апошнія 5 гадоў, пакуль ня вырашыў стаць блогерам і клянчыць грошы ў інтэрнэце ў беларусаў. Увогуле, такі каламутны саюз — ня што іншае, як чарговая спроба ператварыць выбарчую кампанію ў шоў і асабісты хайп», — разважае Гусачэнка.

І робіць выснову: «Мы ўбачылі выразны сыгнал для арганізатараў падобных акцый. У Беларусі жывуць па законе, а не па паняцьцях».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG