27 траўня суд Жлобінскага раёну прызнаў грамадзянскую актывістку Ліяну Шубу вінаватай у «актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу супраць улады». Яе пакаралі штрафам — 270 рублёў.
7 траўня на плошчы Леніна ў Гомлі прайшла акцыя падтрымкі Сяргея Ціханоўскага, якога напярэдадні пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Пасьля акцыі 20 чалавек затрымалі. Большасьць адпусьцілі, але пазьней склалі на іх пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Некаторыя актывісты атрымалі па 15 сутак. Юры Ўласаў адседзеў 15 сутак і атрымаў яшчэ столькі ж.
Падтрымаць Ліяну Шубу на суд прыйшлі актывісты са Жлобіна і Гомля, агулам 30 чалавек.
«Я не прызнала сваю віну. Гэты пратакол і суд — парушэньне маіх канстытуцыйных правоў на свабоду выказваньня і мірных сходаў, — сказала Свабодзе Ліяна Шуба. — Я сваё знаходжаньне ў дадзеным канкрэтным месцы, выказваньне сваёй думкі не лічу актыўным удзелам у мітынгу супраць улады. Мае дзеяньні ня несьлі пагрозы ўраду ці іншым грамадзянам.
Лёзунг „Стоп таракан“, накіраваны супраць ураду, — гэта непаразуменьне, — сказала я на судзе. Таму што тады вы прызнаяце, што нашым урадам кіруе таракан».