Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхам — 19 мільярдаў эўра, беларусам — парад


Вясна ў Празе
Вясна ў Празе

У Чэхіі зьнялі карантын. Ён быў два месяцы. Даволі жорсткі, са штрафам да 800 эўра за зьяўленьне на вуліцы бяз маскі. Спыніліся многія прадпрыемствы, не працавалі рэстарацыі, кавярні, піўніцы...

Уявіце, што такое для чэхаў два месяцы бязь піва; вядома, можна было набыць у краме, але з бочкі і з бутэлькі — неба і зямля, бо бутэлечнае — гэта ня тое.

Але бязь піва можна пражыць. А бяз працы, без заробку — не пражывеш.

Галоўным аргумэнтам Аляксандра Лукашэнкі для неўвядзеньня карантыну быў і застаецца эканамічны, выяўлены ў вельмі даходлівай і, як гэта часта здараецца з Аляксандрам Рыгоравічам, ляпідарнай фразе «Жэрці што будзем?».

Дзівосы беларускай статыстыкі, калі пры роўнай колькасьці інфікаваных у Беларусі і ў Швэцыі колькасьць сьмерцяў у Беларусі меншая ў 20 зь лішкам разоў — некаторыя экспэрты называюць анамаліяй. І што колькасьць новых інфікаваных, дзевяцьсот зь нечым на дзень, аднолькавая вось ужо месяц, — таксама лічаць анамаліяй.

Некаторыя называюць гэта інакш — хлусьнёй.

Але дапусьцім, што афіцыйная статыстыка ня хлусіць.

І сёньня мы можам зрабіць параўнаньні.

Колькасьць сьмерцяў у Беларусі ад каранавірусу — 219. Колькасьць сьмерцяў у Чэхіі — 317.

Агульная колькасьць інфікаваных за ўвесь час у Чэхіі — 9 тысяч 103.

А ў Беларусі — 39 858. І гэта без усялякіх карантынаў, без забароны масавых мерапрыемстваў, з парадам.

У чатыры з паловай разы болей.

Сёньня ў Беларусі пяць сьмерцяў, учора было шэсьць, пазаўчора — чатыры.

У Чэхіі апошнімі днямі — ніводнай сьмерці.

У Беларусі штодня — 900+ новых інфікаваных, у Чэхіі ўчора, напрыклад, — толькі 30.

Ну, а як жа з эканомікай? Прагноз рабіць рана — і па Чэхіі, і па Беларусі. Тое, што агульны эканамічны крызіс ужо цяпер закрануў усе краіны, гэта бясспрэчна.

Пытаньне — як выжываць? Што, кажучы словамі Аляксандра Рыгоравіча, «жэрці»?

І вось сёньня Чэхіі выдзелена больш як 19 мільярдаў эўра ў якасьці дапамогі Эўразьвязу, 10,6 млрд у якасьці крэдыту, а 8,6 млрд — проста дапамогі (не мільёнаў, мільярдаў!).

Гэта ў 20 разоў болей, чым прасіў афіцыйны Менск у МВФ у сувязі з пандэміяй.

І пакуль не атрымаў, бо ўмовы — выкананьне патрабаваньняў Сусьветнай арганізацыі здароў’я. Чэхія іх выканала, а Беларусь — не. Украіна выканала патрабаваньні і атрымала 200 мільёнаў эўра.

Вядома, розьніца яшчэ і ў тым, што Чэхія — член Эўразьвязу, а Беларусь... А пра Беларусь Лукашэнка сказаў 20 год таму — «Я свой народ за цывілізаваным сьветам не павяду».

І не павёў.

Павёў на парад.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG