Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына дала вялікае інтэрвію Naviny.by.
Што яна расказала, сьцісла:
- Пандэмія каранавірусу не адбілася адмоўна на прэзыдэнцкіх выбарах — дзякуючы ёй нават «упершыню ўсе грамадзяне змаглі пабачыць у рэальным часе паседжаньні ЦВК».
- У час збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў «павінна працаваць самасьвядомасьць грамадзянаў». За адсутнасьць масак і пальчатак у зьбіральнікаў подпісаў групу могуць папярэдзіць, пасьля могуць адмовіць у рэгістрацыі кандыдата.
- Выбары абвясьцілі сваечасова, на выбарчую кампанію засталося 80 дзён, «усе ведалі, што выбары будуць у жніўні», а зьбіраць ініцыятыўныя групы «на апошняй стадыі, калі ўжо прыйшоў гэты час, смажаны певень дзеўбануў, гэта было проста несамавіта з боку кандыдатаў».
- Для прэтэндэнтаў у кандыдаты варта ўвесьці «выбарчы заклад»: каб зарэгістравалі ініцыятыўную групу, напрыклад прасіць сфармаваць прынамсі 10% выбарчага фонду, бо «ніколі ня мелі такога прадстаўніцтва кандыдатаў, як цяпер, прычым прадстаўніцтва людзей, якія не разумеюць нават, у чым удзельнічаюць».
- «Значная частка тых, хто падаў дакумэнты, кіравалася толькі жаданьнем праводзіць, што дазваляе статус прэтэндэнта, агітацыю. Прычым агітацыю, натуральна, антыдзяржаўнага пляну».
- Ініцыятыўную групу зьняволенага на той момант блогера Сяргея Ціханоўскага не зарэгістравалі, бо «Выбарчы кодэкс прадугледжвае асабістую падачу дакумэнтаў і асабіста падпісаную заяву» і «ў нас выбарчае права не рэалізуецца па даручэньні, проста не прадугледжана гэта». Пры тым Ярмошына згадала, што ўсё ж прадугледжвае: «Адзінае, калі кандыдат ня можа прыйсьці, ён можа даць даручэньне на падачу дакумэнтаў, то бок функцыю паштальёна ён можа даверыць. Але заява павінна быць абавязкова падпісана ім».
- Паводле паплечнікаў Ціханоўскага, дакумэнт не пасьпелі падрыхтаваць да таго, як Ціханоўскага затрымалі, а ў зьняволеньні да яго працяглы час не пускалі адваката. На рэпліку журналісткі аб тым, што затрыманьне чалавека, які абвясьціў аб прэзыдэнцкіх амбіцыях, перад падачай заявы «выглядае, мякка кажучы, дзіўна», Ярмошына адказала, што «ня будзе гэта абмяркоўваць, бо не куратар працы праваахоўных органаў».
- Павялічваць тэрмін збору подпісаў ня варта, бо «выбары — гэта ўзрушэньне для кожнай краіны, нідзе яны больш за тры месяцы ня цягнуцца».
- Адносна думдак пра тое, што ЦВК «падыгрывае» дзейнаму кіраўніку дзяржавы, які мае значна лепшыя ўмовы для збору подпісаў: «Я ня ведаю, ці гэта адміністрацыйны рэсурс, ці людзі па добрай волі падпісваюцца». Тым, каго супраць волі ўключаюць у ініцыятыўныя групы Лукашэнкі і прымушаюць зьбіраць подпісы, Ярмошына параіла зьвяртацца ў пракуратуру ці «разьбірацца з начальнікам», ды і ў сапраўднасьць заяваў пра гэта «ня верыць».
- Пытаньне з прысутнасьцю на выбарах міжнародных назіральнікаў «пакуль ня вырашанае, гэта мусіць вырашыць кіраўнік дзяржавы».
- Пра рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ: «Калі вы сочыце за выступамі кіраўніка дзяржавы, то ён пра гэта казаў неяк, што спачатку трэба мяняць Канстытуцыю, а потым, натуральна, прыводзіць у адпаведнасьць зь ёй і выбарчае заканадаўства».
- Скараціць колькасьць подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты «безумоўна, трэба» — «прынамсі да 1% ад колькасьці выбарнікаў». Гэта значыць, замест 100 тысяч подпісаў — менш за 70 тысяч.
- Пра «мізэрны адсотак» апазыцыі ў выбарчых камісіях: «На жаль, так склалася, што ў нас у апазыцыю ідуць часьцяком людзі азлобленыя, незадаволеныя. І калі яны прыходзяць у той ці іншы калектыў, то яны ствараюць вельмі цяжкую, нэрвовую атмасфэру. Гэта і вядзе, уласна кажучы, да адмовы ва ўключэньні тых ці іншых людзей. Ня ўсіх апазыцыянэраў, многіх уключаюць, таму што лічаць, што зь імі можна працаваць і яны не ствараюць праблем».
- Пра тое, што назіральнікі ў час падліку галасоў бачаць толькі сьпіны выбарчай камісіі: «Камісія і не абавязана дэманстраваць бюлетэні. А назіральнікі маюць права назіраць за працэдурай падліку. Гэта прама напісана ў законе, то бок бачыць працэдуру, як лічацца бюлетэні».
- Налета сканчаюцца паўнамоцтвы ўсёй ЦВК і Ярмошына зьбіраецца ў адстаўку. Рэкамэндаваць на сваю пасаду кагосьці ня будзе. Пасьля адстаўкі плянуе «як і ўсе, чакаць сыходу з жыцьця», езьдзіць у Бабруйск і Калінінград.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.