Валер Цапкала, адзіны прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты, які паходзіць з Горадні, наведаў родны горад 23 траўня. Ён сустрэўся з удзельнікамі сваёй ініцыятыўнай групы, якая пачынае зьбіраць подпісы.
Сустрэча праходзіла ў самым новым гатэлі гораду — апарт-гатэлі Сямашкі каля Савецкай плошчы. На яе прыйшло больш за 30 чалавек.
Паводле пераклічкі, людзі сабраліся як з абласнога гораду, гэтак і з раёнаў Горадзенскай вобласьці. На ўваходзе ў залю ляжаў стос аднаразовых мэдычных масак для ахвочых. Хто хацеў, надзеў. Адлегласьць 1,5-2 мэтры паміж крэсламі не захоўвалася.
Горадзенскі актывіст Дзьмітры Бандарчук каля 15 хвілін расказваў, што неабходна для збору подпісаў.
Пасьля гэтага кіраўнік горадзенскага штабу Цапкалы Аляксандар абвясьціў: «А цяпер я запрашу...». І ў залю ўвайшлі Валер Цапкала з жонкай Веранікай. Іх сустрэлі воплескамі. Многія ўсталі з крэслаў.
Валер Цапкала пачаў казаць пра тое, што яны хочуць зьменаў у краіне. У прамове расказваў шмат гісторый пра посьпех іншых краін: Кітаю, ЗША, краінаў Эўропы і іншых, у тым ліку, параўноўваў рэакцыю дзяржаваў на каранавірус не на карысьць Беларусі.
«Самае вялікае мастацтва, у тым ліку ў зьнешняй палітыцы, — умець сябраваць з усімі», — адзначыў ён.
Цапкала прыгадаў свой досьвед у стварэньні Парку высокіх тэхналёгіяў, для якога ён «ня ўзяў ні капейкі зь бюджэту». Кажучы, што беларусы мусяць зарабляць больш за 500 даляраў, адзначыў, што тады ім будзе ўсё роўна, працуюць яны ў Wargaming ці на «Вторчермет» (арганізацыя па перапрацоўцы мэталаў).
«Мы працягваем трактары будаваць. Спачатку яны цалкам запоўнілі тэрыторыю Менскага трактарнага заводу, потым яны выстраіліся ўздоўж магістралі, потым яны сталі выстройвацца ўздоўж менскай кальцавой дарогі. І гэта замарожаныя грошы, якія вы недаатрымалі ў выглядзе зарплаты», — гаварыў пра неабходнасьць мадэрнізацыі прадпрыемстваў выступоўца.
Пасьля кароткага расказу сваёй біяграфіі Цапкала адзначыў, што мае добрыя міжнародныя сувязі, пахваліўся сваім блізкім сяброўствам з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Барысам Джонсанам.
«Ці ёсьць у вас козыр у рукаве?», — задаў пытаньне адзін з прысутных пра тое, як Цапкала плянуе выйграць на выбарах.
Адказу, ці ёсьць нешта ў рукаве, не прагучала. Цапкала адзначыў, што ягоны штаб узначальвае мэнэджэр з кампаніі «танчыкі», а сярод актывістаў ягонай кампаніі шмат праграмістаў.
Іншы ўдзельнік задаў «балючае» пытаньне пра падлік галасоў, не канкрэтызуючы, што мае на ўвазе. Цапкала адзначыў, што фальсыфікацыя галасоў — гэта дзяржаўная здрада.
«Я спадзяюся, што настаўнікі перастануць баяцца і адчуюць сябе грамадзянамі», — выказаўся ён пра асноўных выканаўцаў пры падліку галасоў на выбарах.
Хіба што найбольш вострае пытаньне Цапкалу на гэтай сустрэчы ўтрымлівала крытыку.
«Ці вы лічыце, што грамадзтва сасьпела для таго, каб адкрыта ганіць уладу, як гэта робіць Бабарыка?.. Вашы выступы крыху рафінавана-ванільныя ў стаўленьні да ўлады», — заўважыў удзельнік.
«То бок, вы лічыце, што я зараз выступіў... Я зразумеў вас», — не адразу знайшоўся, што адказаць па сутнасьці патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта.
Потым ён паўтарыў сваю ранейшую пазыцыю, што варта «проста перагарнуць старонку гісторыі», бо «які сэнс ганіць уладу?»
Адказы выступоўцы на пытаньні доўжыліся ў сярэднім больш за 5 хвілін.
«Тут вельмі шмат людзей хочуць задаць вам пытаньні. А вы вельмі шмат перадгісторый расказваеце», — папрасіў адказваць на пытаньні больш коратка і канкрэтна яшчэ адзін гарадзенец.
На ягонае пытаньне, ці Беларусі варта інтэгравацца больш у Заходнюю Эўропу, ці павярнуцца тварам да Расейскай Фэдэрацыі, Цапкала адказаў, што ён супраць дылемы «ці — ці», а за «і — і».
На пытаньне па-беларуску, ці мы здолеем у будучыні зрабіць годныя ўнівэрсытэты, Цапкала адказаў станоўча, на расейскай мове.
Самую эмацыйную рэакцыю аўдыторыі выклікала пытаньне супрацоўніка горадзенскай IT-кампаніі Брэнта Грэгары, які пераехаў жыць з ЗША ў Горадню. Пытаньне тычылася адносінаў з ЗША, і як Цапкала хацеў бы зьмяніць гэтыя адносіны. У адказ той запэўніў, што безумоўна хацеў бы палепшыць стасункі Беларусі і ЗША, бо цяпер застаецца шмат санкцый з боку Амэрыкі ў дачыненьні да Беларусі. Цапкала заўважыў, што за 10-12 гадоў, калі ён рабіў свой праект (ПВТ), экспарт ІТ-паслуг зь Беларусі ў ЗША вырас амаль да 1 мільярду даляраў (з 22 мільёнаў у 2007 годзе - РС). Такіх самых добрых дасягненьняў ён бы хацеў дамагчыся ў іншых сфэрах прамысловасьці ў адносінах з Амэрыкай. Камунікацыя паміж імі ішла па-ангельску, безь перакладу. Калі Цапкала скончыў адказваць, заля гучна зааплядзіравала.
«Translate, please» [Перакладзіце, калі ласка], — папрасілі з залі.
«Я сказаў, што мы абавязкова з Амэрыкай пасябруем», — коратка пераклаў Цапкала.
Апошняе пытаньне тычылася веры патэнцыйнага кандыдата. Той сказаў: «Складанае пытаньне. Я бы хацеў пакінуць гэта недзе сваім асабістым. Фармальна я праваслаўны».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.