На дыстанцыйным пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады 19 траўня кіраўнікі дзяржаў ЭАЭС не змаглі канчаткова прыняць праект «Стратэгічных напрамкаў эканамічнага разьвіцьця эўразійскай інтэграцыі да 2025 году».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, праект «агулам ухвалілі», але накіравалі на дапрацоўку, дамовіліся абмеркаваць яго «ў іншым фармаце і ў іншы час».
На паседжаньні абмяркоўвалі дзесяць пытаньняў. Неўрэгуляваным засталося цэнаўтварэньне на паслугі транспартаваньня газу на «агульным рынку» ЭАЭС. Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін адхіліў прапановы «беларускіх і армянскіх сяброў» (у паседжаньні таксама браў удзел прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян) наконт адзінага тарыфу. Паводле Пуціна, «гэта можа быць рэалізавана толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам і адзінай сыстэмай падаткаабкладаньня».
Прапанову дапрацаваць «шэраг пытаньняў», паводле прэс-службы Лукашэнкі, агучыў іншы бок — кіраўнік Казахстану Касым-Жамарт Такаеў. Ён прапанаваў «не сьпяшацца» з прыняцьцем «стратэгічных напрамкаў» і абмеркаваць іх пазьней — «магчыма, і ў вочным фармаце». Лукашэнка падтрымаў яго, бо дакумэнт «ня мае тэрміновых да рэалізацыі прапановаў» і «сьпяшацца няма куды» па ўсіх пунктах, акрамя газу.
Беларускі палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман назваў у сваім Telegram-канале такія вынікі «пераломным момантам» у Эўразійскім саюзе. На ягоную думку, Расея распаўсюдзіла на Эўразійскі саюз «лёгіку, зь якой прыйшла да Беларусі ў канцы 2018 году: або канфэдэрацыя, або прэфэрэнцый ня будзе».
Аглядальнік расшыфроўвае словы Пуціна так: Расея «разумее адзіны рынак газу як стварэньне наднацыянальных органаў, і то глыбейшых, чым у Эўразьвязе, дзе няма адзінага бюджэту і падаткаабкладаньня». Ніводная краіна ЭАЭС на гэта ня пойдзе, перакананы ён. Праз гэта ЭАЭС, мяркуе Шрайбман, «становіцца на той жа шлях дэзынтэграцыі, што і ў „саюзнай дзяржаве“».
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»