Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У будынку Вярхоўнага суду затрымалі групу «кандыдатаў пратэсту»

абноўлена

Архіўнае фота. «Кандыдаты пратэсту» Статкевіча падаюць заявы ў ЦВК, 15 траўня 2020 году
Архіўнае фота. «Кандыдаты пратэсту» Статкевіча падаюць заявы ў ЦВК, 15 траўня 2020 году

Па словах жонкі Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч, затрыманьне адбылося каля 15 гадзіны.

19 траўня група паплечнікаў Мікалая Статкевіча прыехала ў Вярхоўны суд з мэтай абскардзіць адмову ў рэгістрацыі ЦВК іхных ініцыятыўных груп. Разгляд скаргаў быў прызначаны на 14.30.

Пра тое, што група «кандыдатаў пратэсту» зьбіраецца прысутнічаць на ім, незадоўга да разгляду Свабодзе паведаміла Вольга Мікалайчык.

Як сказала Свабодзе ў 15.30 Марына Адамовіч, частка «кандыдатаў пратэсту» была затрыманая праваахоўнікамі ў будынку Вярхоўнага суду. Іх месцазнаходжаньне на дадзены момант невядомае.

«Прычынай затрыманьня нібыта стала вопратка альбо сымболіка на ёй (актывісты выкарыстоўваюць уласную пратэставую сымболіку. — РС)», — сказала Свабодзе Марына Адамові.

Затрыманыя 7 чалавек, «кандыдатамі пратэсту» сярод якіх зьяўляюцца трое — Уладзімер Неўмяржыцкі, Тамара Патоцкая і Анжаліка Жалязьнякова. Усе затрыманыя на дадзены момант знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС.

Нагадаем, што ў першай палове дня 19 траўня ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп усім «кандыдатам пратэсту». Гэтае рашэньне яны зьбіраліся абскарджваць у Вярхоўным судзе. Ініцыятыўную групу самога Мікалая Статкевіча таксама не зарэгістравалі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG