Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды над актывістамі прайшлі ў Берасьці і Менску


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне падчас «кармленьня галубоў» у Берасьці
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне падчас «кармленьня галубоў» у Берасьці

14 траўня працягваліся суды над прыхільнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама актывістамі, якія выходзілі ў сваіх гарадах на плошчы «карміць галубоў» на знак салідарнасьці з затрыманымі і з праціўнікамі акумулятарнага заводу ў Берасьці, паведамляе «Вясна».

Берасьце

Працягваюцца суды над праціўнікамі акумулятарнага заводу, якія штонядзелі выходзяць на цэнтральную плошчу гораду «карміць галубоў». Многіх днямі ўжо асудзілі, але цяпер зноў затрымалі і адвезьлі ў ізалятар. Сярод іх праваабаронцы Ўладзімер Вялічкін і Раман Кісьляк, актывісты Дзяніс Малышэнка, Валеры Фамінскі, Уладзімер Мароз, Віталь Казак.

Прысуды за 14 траўня:

  • Уладзімер Мароз — штраф 810 рублёў (11 траўня яго ўжо аштрафавалі на 810 рублёў)
  • Дзяніс Малышэнка — штраф 1350 рублёў (11 траўня аштрафавалі на 810 рублёў, пасьля суду затрымалі і трымалі ў ізалятары)
  • Віталь Казак — штраф 2160 рублёў (2 пратаколы па арт. 23.34 КаАП)

Таксама ў суд сёньня паступілі адміністрацыйныя справы актывістаў Валерыя Фамінскага і Юрыя Калько.

15 траўня аб 11-й гадзіне чакаецца суд над праваабаронцам «Вясны» Ўладзімерам Вялічкіным.

У судзе Ленінскага раёну на 14:30 быў прызначаны суд над праваабаронцам Раманам Кісьляком, але ў выніку суд перанесьлі на 19 траўня на 14:30. Кісьляк падчас паседжаньня запатрабаваў далучыць да матэрыялаў справы відэазапісы, якія пацьвярджаюць, што ён быў на сходах у якасьці назіральніка. Суд вырашыў зрабіць перапынак да 19 траўня, каб ён мог прадставіць гэтае відэа. Кісьляка адпусьцілі на волю.

Менск

У Менску ідуць суды над прыхільнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага, якія зьбіраліся зладзіць аўтапрабег па МКАД у падтрымку затрыманага ў той дзень блогера. Іх гвалтоўна затрымалі 6 траўня каля гандлёвага цэнтру Mile на Даўгінаўскім тракце. На 19 чалавек склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (23.34 КаАП) і за непадпарадкаваньне міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і позна ўвечары адпусьцілі.

Прысуды:

  • Яўген Добрук — штраф 675 рублёў (суд праходзіў дыстанцыйна)
  • Антаніна Канавалава — штраф 540 рублёў (за сустрэчу з блогерам Цхіаноўскім)

Паводле Яўгена Добрука, яшчэ дваіх чалавек, якіх затрымалі 6 траўня, асудзілі на 1215 рублёў кожнага. У 10.00 у судзе Цэнтральнага раёну меліся судзіць Аляксандра Ахрэмчука, таксама затрыманага каля Mile, прысуд пакуль невядомы.

Суды над актывістамі працягнуцца і заўтра, 15 траўня. У 10.00 у РАУС Першамайскага раёну будуць судзіць актывістку Вольгу Мікалайчык. У 11.00 — затрыманага каля Mile Дзьмітрыя Збароўскага. У суд Заводскага раёну на 11.00 выклікалі Яўгена Дубовіка.

На пачатку траўня прайшлі пратэсы супраць правядзеньня вайсковага параду падчас пандэміі каранавірусу, якія перайшлі ў акцыі супраць зьняволеньня блогера Сяргея Ціханоўскага, які клікаў на «антыпарад». За апошнія дні затрымалі і асудзілі дзясяткі чалавек, у тым ліку журналістаў, якія асьвятлялі акцыі, а таксама актывістаў праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксандра Буракова, Алену Масьлюкову і Ўладзімера Вялічкіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG