Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ўпершыню з 2 траўня выявілі менш за 10 тысяч выпадкаў COVID-19 за суткі


У адной з расейскіх клінік.
У адной з расейскіх клінік.

У Расеі за мінулыя суткі зарэгістравалі 9974 новыя выпадкі каранавіруснай інфэкцыі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Упершыню з 2 траўня колькасьць выяўленых у краіне за суткі выпадкаў COVID-19 упала ніжэй за адзнаку ў 10 тысяч, паведамілі ў чацьвер, 14 траўня, у апэратыўным штабе для папярэджаньня распаўсюджваньня хваробы.

Колькасьць заражэньняў зьніжаецца трэці дзень запар.

Больш за ўсё новых выпадкаў інфікаваньня за суткі выяўлена ў Маскве (4712) і Маскоўскай вобласьці (918). Толькі яшчэ ў трох рэгіёнах колькасьць новых заражэньняў перавысіла сто — гэта Санкт-Пецярбург, Ніжагародзкая і Іванаўская вобласьці.

Ненецкая аўтаномная акруга аказалася адзіным рэгіёнам у краіне, дзе за суткі не было выяўлена ніводнага выпадку заражэньня.

Памерлі за суткі 93 пацыенты, зь іх 58 сьмяротных выпадкаў — у Маскве.

Усяго з пачатку эпідэміі ў краіне зарэгістравана 252 245 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. Паводле дадзеных Унівэрсытэту Джонса Гопкінса, Расея знаходзіцца на другім месцы ў сьвеце ў колькасьці зарэгістраваных хворых на COVID-19 пасьля ЗША. Усьлед за Расеяй у пяцёрцы Вялікая Брытанія, Гішпанія і Італія.

Агульная колькасьць памерлых у Расіі ад COVID-19 складае 2305 чалавек.

Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў Расеі (ФСВП) у чацьвер прадставіла статыстыку захворваньня на COVID-19 сярод сваіх супрацоўнікаў і зьняволеных. Паводле гэтых дадзеных, каранавірусам заразіліся 617 работнікаў ФСВП і 145 зьняволеных, якія ўтрымліваюцца ў калёніях і сьледчых ізалятарах. Ведамства падкрэсьлівае, што гаворка ідзе пра лябараторна пацьверджаныя выпадкі.

11 траўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў аб завяршэньні ў краіне так званага рэжыму непрацоўных дзён. Абмежаваньні захоўваюцца для людзей, старэйшых за 65 гадоў. Таксама далей дзейнічае забарона на масавыя мерапрыемствы. Пра далейшыя абмежавальныя захады рашэньне цяпер прымаюць кіраўнікі рэгіёнаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG