Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель у сераду заявіла, што супраць Расеі могуць быць прынятыя меры ў сувязі з хакерскай атакай на сайт Бундэстагу, учыненай у 2015 годзе.
Выступаючы ў Бундэстагу, канцлер сказала, што ў нямецкай пракуратуры ёсьць дастатковыя доказы датычнасьці Расеі да той атакі.
Па словах Мэркель, гаворка ішла пра эпізод «гібрыднай вайны», а не пра выпадковасьць. Канцлерка падкрэсьліла, што Бэрлін пакідае за сабой права прыняць меры ў адказ у дачыненьні да Расеі. Яна адзначыла, што выступае за паляпшэньне адносін з Расеяй, але дзеяньні Масквы зьяўляюцца сур’ёзнай перашкодай для дасягненьня гэтай мэты.
Мэркель згадала таксама забойства былога палявога камандзіра чачэнскіх сэпаратыстаў Зэлімхана Хангашвілі ў Бэрліне ў жніўні мінулага году. Бэрлін афіцыйна абвінаваціў Маскву ў недастатковым супрацоўніцтве пры расьсьледаваньні гэтага злачынства, па падазрэньні ў якім арыштаваны расейскі грамадзянін. Паводле расьсьледаваньня Bellingcat, ён зьвязаны з расейскімі спэцслужбамі. У сувязі з забойствам Нямеччына выслала з краіны двух расейскіх дыпляматаў.
Як паведамляецца, нямецкая паліцыя падазрае ў кібэратацы ў 2015 годзе расейца Дзьмітрыя Бадзіна. Амэрыканскае ФБР шукае яго па падазрэньні ў хакерскіх атаках у ЗША — у тым ліку і падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2016 году.
Паводле зьвестак часопісу Spiegel, у выніку кібэратакі на сэрвэр Бундэстагу хакеры, у прыватнасьці, атрымалі доступ да дадзеных электроннай пошты Мэркель за пэрыяд з 2012 па 2015 год. У нямецкім друку паведамлялася, што пракуратура падазрае расейскую вайсковую выведку ГРУ ў арганізацыі кібэратакі.