Сотні ўдзельнікаў рэпэтыцый параду ў гонар 75-годзьдзя Перамогі ў Маскве, у тым ліку непаўналетнія курсанты вайсковых вучэльняў, заразіліся каранавірусам, сьцьвярджае выданьне «Проект» са спасылкай на курсантаў і іхных сваякоў, інфармацыю часткова пацьвярджаюць і ў саміх вучэльнях.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Традыцыйны парад, які плянавалася правесьці на Краснай плошчы 9 траўня, не адбыўся. Прэзыдэнт Уладзімір Пуцін у сярэдзіне красавіка перанёс яго праз пандэмію каранавіруснай інфэкцыі. Аднак да адмены параду прайшло некалькі яго рэпэтыцый, на якія прыяжджалі тысячы вайскоўцаў і курсантаў з розных гарадоў Расеі.
«Апошняя рэпэтыцыя параду на падмаскоўным палігоне „Алабіна“, які дакладна паўтарае цэнтральную плошчу Расеі, прайшла 16 красавіка — да гэтага моманту Масква і вобласьць ужо амаль 20 дзён сядзелі ў самаізаляцыі», — піша «Проект». Пазьней у гэты ж дзень Пуцін заявіў аб адмене параду.
Да гэтага моманту некалькі выхаванцаў сувораўскага вучылішча зь Цьверы ўжо адчувалі сымптомы хваробы. Пасьля вяртаньня ў Цьвер у дзясяткаў сувораўцаў выявілі каранавірус. Мінабароны паведамляла пра 8 хворых, паводле дадзеных «Проекта», іх на парадак больш.
Таксама заразіліся дзясяткі курсантаў нахімаўскай вучэльні і Вайсковага ўнівэрсытэту мінабароны. У міністэрстве прызнавалі выпадкі заражэньня ў гэтых навучальных установах, аднак «Проект» таксама сьцьвярджае, што заражаных было нашмат больш.
Выданьне таксама сьцьвярджае, што ёсьць хворыя і ў шэрагу іншых навучальных устаноў і ў Праабражэнскім палку. У Мінабароны гэтых сьцьвярджэньняў не камэнтавалі.
Усяго, паводле афіцыйных заяў Мінабароны, у расейскай арміі на 6 траўня каранавірусам былі інфікаваны 1506 вайскоўцаў, а таксама 1182 курсанты і 228 выхаванцаў сярэдніх навучальных устаноў. «Проект» сьцьвярджае, што ня менш за 300 зь іх заразіліся падчас рэпэтыцый, мяркуючы, што гэтая лічба можа быць большай.
«Менавіта рэпэтыцыі і прывялі да масавага заражэньня сярод вайскоўцаў і курсантаў, упэўнены ўсе суразмоўцы, зь якімі „Проект“ гаварыў пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу», — гаворыцца ў артыкуле. Раней у сацсетках публікаваліся відэа вайскоўцаў на рэпэтыцыях у Алабіне. На іх відаць, што не выконвалася сацыяльная дыстанцыя, ня ўсе былі ў маскі.
9 траўня замест параду на Краснай плошчы ў Маскве прайшоў агляд Крамлёўскага палка, на якім прысутнічаў Уладзімір Пуцін. Як піша «Проект», у Вайсковым унівэрсытэце таксама прайшоў урачысты марш у гонар выпуску курсантаў.
Пуцін паабяцаў, што сёлета парад у гонар юбілею перамогі адбудзецца, аднак не сказаў, калі. Сярод магчымых дат называліся 24 чэрвеня або 3 верасьня.
9 траўня парад з удзелам тысяч вайскоўцаў і гасьцей прайшоў у Менску. Аляксандар Лукашэнка, які адмовіўся ўвесьці ў краіне карантын, заявіў, што ня мог зрабіць інакш, бо парад — гэта даніна памяці загінулым савецкім салдатам і ахвярам вайны. Расейскія тэлеканалы вельмі скупа паведамілі аб парадзе ў Менску.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.