Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі парад. Менскі гарвыканкам паведаміў расклад народных гуляньняў на Дзень Перамогі


Падчас рэпэтыцыі параду на 9 траўня ў Менску
Падчас рэпэтыцыі параду на 9 траўня ў Менску

У Менску на Дзень Перамогі, акрамя ваеннага парада, пройдуць іншыя масавыя мерапрыемствы.

Праграму сьвяточных мерапрыемстваў 9 траўня ў Менску апублікаваў гарвыканкам у сваім Telegram-канале.

Урачыстасьці пачнуцца каля абэліску «Менск — горад-герой» ваенным парадам аб 11 гадзіне. Сёлета ягоная галоўная асаблівасьць — паказ толькі новых і мадэрнізаваных узораў вайсковай тэхнікі. Удзел у ім плянуюць узяць больш за 3 тысячы вайскоўцаў і 185 адзінак тэхнікі. Над сталіцай праляцяць 42 паветраных судна.

Апоўдні ў парках Чалюскінцаў, Горкага, Уга Чавэса, Паўлава і каля Чыжоўка-арэны загучаць папулярныя творы савецкіх і беларускіх кампазытараў, прысьвечаныя апошняй вайне. Мэлёдыі можна будзе паслухаць да 23:30, у парку Горкага — да 16:00.

Наведвальнікі музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны здолеюць дакрануцца да Сьцяга Перамогі таксама апоўдні. Музэй працягне працу да 20:00.

Урачыста ўскладаць кветкі да манумэнта Перамогі плянуюць ад 13 гадзіны да 16:30. Ушанаваць памяць загінулых прыйдуць афіцыйныя дэлегацыі дзяржаўных органаў, працоўных калектываў менскіх прадпрыемстваў, прадстаўнікоў грамадзкіх і прафсаюзных арганізацый, адміністрацый раёнаў, духавенства, дэпутаты, моладзь.

Сьвяточны канцэрт на плошчы Перамогі пачнецца а 21:30. Выступяць беларускія калектывы «Песьняры», «Купалінка», «Спадчына», салісты Вялікага тэатру, артысты беларускай эстрады і маладыя таленты.

Салют запусьцяць а 23:15.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG