Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка прымае парад 9 траўня 2010 году.
Аляксандар Лукашэнка прымае парад 9 траўня 2010 году.

Парад і гуляньні ў Менску падчас пандэміі, пратэст у Бабруйску. Што адбывалася 9 траўня

У Менску прайшоў парад да 75-х угодкаў заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Сьвяткаваньні і масавыя акцыі да Дня перамогі адбываюцца і ў іншых гарадах Беларусі, нягледзячы на пандэмію каранавірусу.

Мінабароны Беларусі паведаміла пра ўдзел у парадзе 4000 вайскоўцаў, 185 адзінак тэхнікі, гусенічнай і калёснай, абяцаюць толькі новыя і мадэрнізаваныя ўзоры вайсковай тэхнікі. Агульная даўжыня параднай калёны склала 2 кілямэтры. Над Менскам праляцела баявая авіяцыя ў складзе 42 паветраных суднаў. Свабода вяла жывую трасьляцыю з падзеі.

Трыбуны для гледачоў былі разьлічаныя на 11 тысяч чалавек, яны былі амаль цалкам запоўненыя. Людзі стаялі і на вуліцах, але няшмат. Вельмі мала людзей было ў масках. Менская міліцыя падрыхтавалася да наплыву наведнікаў, для якіх было створана 167 пунктаў пропуску. Гарвыканкам падрыхтаваў плян іншых імпрэзаў.

У парадзе ўдзельчаў Аляксандар Лукашэнкі, які выступіў з прамовай, іншых высокіх чыноўнікаў. Для іх была створаная асобная трыбуна з сыстэмай кандыцыянаваньня.

Сусьветная арганізацыя здароўя занепакоеная парадам у Менску

7 траўня кіраўнік эўрапейскага аддзяленьня Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Ганс Клюге назваў заклікаў знайсьці «альтэрнатыўныя рашэньні» для сьвяткаваньня Дня перамогі, каб «не рызыкаваць чалавечымі жыцьцямі».

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і каардынатарка ААН у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей.

Лукашэнка не захацеў скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў.

У Бабруйску на 12 гадзін быў заплянваваны «АнтыПарад» — акцыя пратэсту супраць параду ў Менску падчас пандэміі каранавірусу, якую хацеў правесьці разам з падпісчыкамі блогер Сяргей Ціханоўскі. Аднак, пасьля двух дзён перасьледу 6 траўня міліцыя затрымала Ціханоўскага ў Магілёве. Тым не меней пратэст у Бабруйску адбыўся.

12:43 9.5.2020

Людзей было меней, чым звычайна на парадах

Паводле назіраньняў карэспандэнта Свабоды Алега Грузьдзіловіча, які вёў відэарэпартаж з параду ў Менску, гэтым разам гасьцей на парадзе было меней чым звычайна. Напрыклад, тры гады таму людзі стаялі натоўпамі перад прапускнымі пунктамі, і прастора паміж гэтымі пунктамі і трыбунамі была шчыльна запоўненая, а цяпер там было мала людзей.

Не было плякатаў з просьбай захоўваюць дыстанцыю і насіць маскі, людзі на трыбунах і побач зь імі стаялі вельмі шчыльна.

Міліцыянты, якія правяралі людзей на ўваходах, былі ў масках і пальчатках. Усе вайскоўцы на парадзе былі без масак, таксама як Аляксандар Лукашэнка і чыноўнікі. А людзі пераважна былі бяз масак, маскі насілі некаторыя жанчыны і дзеці.

13:18 9.5.2020

У цэнтры Бабруйску пратэстуюць кіроўцы

Цягам 5-10 хвілін дзясяткі машын адначасна сыгналілі ў знак пратэсту і ў падтрымку затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага на вуліцы Інтэрнацыянальнай і каля гандлёвага цэнтру «Карона».

На канале Youtube баранавіцкага блогера Дзьмітрыя Цімафеева зьявілася відэа, на якім яго затрымліваюць. Цімафееў расказвае, што спачатку яму адключылі тэлефон, хаця грошы на тэлефоне ў яго ёсьць.

13:29 9.5.2020

Апэратара «Белсату», які ехаў на «АнтыПарад», 3 гадзіны трымалі ў міліцыі за «скрадзены аўтамабіль»

Апэратара тэлеканалу «Белсат» Аляксандра Баразенку адпусьцілі зь міліцыі. Ён распавёў Свабодзе, што яго затрымалі каля 9 раніцы 9 траўня на падʼезьдзе да Марʼінай Горкі, запыталі дакумэнты, пачалі аглядаць машыну, паведамілі, што падобная машына можа быць ва ўгоне і прададзеная ў Расею. Папрасілі праехаць у РАУС. У міліцыі відэаапэратара пратрымалі 2,5-3 гадзіны, склалі пратакол апытаньня, сфатаграфавалі машыну. Каля 12 гадзін Баразенку адпусьцілі. Аўтамабіль таксама вярнулі, атрымаўшы тлумачэньні.

Баразенка мяркуе, што яму хацелі перашкодзіць асьвятляць «АнтыПарад» у Бабруйску, які меўся адбыцца апоўдні.

13:56 9.5.2020

15 чалавек затрымалі пасьля акцыі ў Бабруйску

Жыхар Бабруйска Дзяніс М. распавёў Свабодзе, што пасьля акцыі «АнтыПарад» у горадзе адбыліся затрыманьні.

Паводле яго, агулам было затрымана каля 15 чалавек, якія накіроўваліся ў бок вакзалу, ішлі па вуліцы, махалі рукамі і крычалі «Стоп таракан!». Сярод іх былі бабруйчане і прыежджыя. За пратэстоўцамі ехала машына міліцыі, усе яны былі затрыманыя, іх павезьлі ў аўтобусе.

Як расказала Свабодзе прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна, у Бабруйску затрымалі кіраўніцу Бабруйскай арганізацыі АГП і прафсаюзу РЭП Галіну Сьмірнову, актывістаў Уладзімера Раманоўскага і Аляксандра.

15:33 9.5.2020

Парад палітычнай адзіноты Лукашэнкі

Адзіны ў сьвеце парад, прысьвечаны юбілею Перамогі, адбыўся ў Менску. Акрамя таго, вечарам 9 траўня будзе вялікі канцэрт і фаервэрк.

Здавалася б, сьвята ўдалося, Лукашэнка можа адчуваць сябе трыюмфатарам. Аднак трыюмф атрымаўся змазаным, Лукашэнка застаўся ў палітычнай адзіноце, разважае палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч у новым блогу. Чытайце па спасылцы >>

15:51 9.5.2020

18:23 9.5.2020

Амбасадар Расеі Дзьмітры Мезенцаў адмовіўся сказаць, чаму быў на парадзе бяз маскі

Некаторыя прадстаўнікі дыпляматычных місій прысутнічалі на парадзе ў ахоўных масках і нават у пальчатках і акулярах.

Амбасадар Расеі Дзьмітры Мезенцаў быў бяз маскі. Чаму? Не баяўся, што можа заразіцца?

«Я думаў, калі людзі прыходзяць на ўрачыстасьць з нагоды Вялікай Перамогі, нават у маіх калег-журналістаў, а я маю самыя непасрэдныя адносіны да нашага з вамі журналісцкага цэху, ёсьць іншыя пытаньні, на якія я адкажу», — сказаў амбасадар.

18:24 9.5.2020

Выхвальства Лукашэнкі насуперак пандэміі, выклік Пуціну, подкуп людзей — сусьветныя СМІ пра парад у Менску

«Беларусь падкупляе людзей для ўдзелу ў парадзе», «Беларускі парад адбываецца насуперак пандэміі і кідае выклік Пуціну», «Аляксандру Лукашэнку нішто не перашкодзіла правесьці парад у Менску» — парад у Менску трапіў у загалоўкі сусьветных СМІ.

XS
SM
MD
LG