У Менску і Магілёве, а потым у Гомлі ўвечары 6 траўня сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек — прыхільнікаў аўтара каналу «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага.
Раней 6 траўня міліцыя затрымала Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе ў сваім Telegram-канале, што ў Менску затрымалі 14 чалавек і што іх білі: кагосьці пры затрыманьні, кагосьці ў аўтобусе. Цяпер усе яны знаходзяцца ў РУУС Цэнтральнага раёну.
«Вясна» падае наступны сьпіс затрыманых:
- Мацкевіч Міраслаў
- Ахрамчук А. С.
- Калінін Е. Г.
- Калінін Д. Г.
- Жураў С. А.
- Старыкаў А. П.
- Снегіроў Б. Е.
- Сіняўскі Д. А.
- Грабянчук В. М.
- Урублеўскі В. Г.
- І яшчэ чатыры чалавекі.
У Магілёве некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся каля пастарунка, дзе, імаверна, знаходзіўся затрыманы Сяргей Ціханоўскі. Празь нейкі час ім сказалі, што Ціханоўскага этапавалі ў Гомель. Людзі ў Гомлі сабраліся каля ізалятару часовага ўтрыманьня. Пра затрыманьні ў Гомлі і Магілёве не паведамлялася.
Сяргей Ціханоўскі, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», другі месяц езьдзіць па беларускіх гарадах на аўтадоме, здымае рэпартажы і вядзе стрымы. На 9 траўня ён з падпісчыкамі заплянаваў у Бабруйску «АнтыПарад».