Падчас нядзельнай нарады 3 траўня Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пакуль ня мае намеру мяняць плян імпрэзаў да Дня Перамогі, які быў прадстаўлены даўно, паведамляе БелТА.
«Мы пакуль прытрымліваемся гэтага пляну. Больш за тое, больш шырока разглядалі мерапрыемствы ў сувязі з вучэньнямі НАТО каля нашых межаў. Мы, па-мойму, ні на мілімэтар не адступілі ад таго пляну, які з вамі намецілі для рэагаваньня на тыя мерапрыемствы, якія Паўночнаатлянтычны блёк плянаваў ля нашых межаў. Праўда, трохі адкарэктавалі пасьля таго, калі было заяўлена, што НАТО не плянуе маштабных мерапрыемстваў, як гэта было раней. Адпаведна, і мы больш стрымана рэагавалі на гэта», — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, некаторыя вайсковыя падразьдзяленьні цяпер знаходзяцца на палігонах, працягваюць вучэньні.
«Але ў асноўным войскі вернутыя ў казармы — месцы пастаяннай дысьлякацыі», — адзначыў Аляксандар Лукашэнка.
Лукашэнка падкрэсьліў глыбокае ідэалягічнае і эмацыянальнае значэньне параду ў гонар 75-годзьдзя Перамогі, цытуе яго афіцыйны тэлеграм-канал Агенцтва тэлефізійных навін.
«Павінен сказаць, што мы ня можам адмяніць парад. Проста ня можам. Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыйная, глыбока ідэалягічная рэч. Трэба памятаць, што тыя людзі паміралі, можа быць, і ад вірусаў, іншых хваробаў. Але яны гэта не адчувалі часам, і пра гэта ня думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала», — заявіў Лукашэнка на нарадзе.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў арганізатараў, што «нікога цягнуць на гэтае мерапрыемства ня трэба».
«Ня хочуць людзі, баяцца, берагуць здароўе — мы гэта зразумеем. Дастаткова сёньня жадаючых — тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло», — падкрэсьліў Лукашэнка.
Паводле яго словаў, сярод жадаючых наведаць парад ёсьць і вэтэраны Ўзброеных сіл.
«Удзельнікаў вайны засталося зусім няшмат. Яны разумеюць, і мы павінны іх зьберагчы. Хоць яны і першымі запатрабавалі, каб іх прывезьлі на гэтае мерапрыемства. Зразумела, што ім ужо за 90. Падумаем, як зь імі быць. Я прытрымліваюся сваёй тактыкі — старых трэба паберагчы. Мы ўсе бачым, што ўсе гэтыя інфэкцыі перш за ўсё чапляюцца да старых, хоць хварэюць і маладыя. Таму нікога на гэтае масавае мерапрыемства цягнуць ня трэба», — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што асобныя расейскія дэпутаты і сэнатары ўжо выказалі жаданьне наведаць парад у Менску.
«Мы вітаем гэта. Няхай прыяжджаюць. Калі трэба для гэтага вылучыць сродкі сувязі, мы забясьпечым. У нас аэрапорт адкрыты. Думаю, мы з кіраўніцтвам Расеі дамовімся пра пералёт жадаючых пабываць у нас. Мы ад нашых сяброў і братоў не закрываем дзьверы», — запэўніў беларускі лідэр.
У цэлым Аляксандар Лукашэнка ўпэўнены, што парад — гэта ня самае небясьпечнае з пункту гледжаньня эпідэміёлягаў і вірусолягаў мерапрыемства.
«Таму што яно будзе арганізавана як мае быць. Пра гэта мы пазьней скажам. Можа быць, і з трыбуны гэтага параду», — сказаў ён.
Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) апублікавала рэзюмэ аб місіі ў Беларусі 8–11 красавіка. Ключавыя рэкамэндацыі для Беларусі ў сувязі з эпідэміяй COVID-19 засталіся амаль такімі ж, як раней, некаторыя былі дапоўненыя:
- перанесьці ўсе масавыя мерапрыемствы, у тым ліку спартовыя, культурныя, палітычныя (такога слова ў ранейшых рэкамэндацыях не было, ёсьць толькі ў расейскай, але не ангельскай вэрсіі) і рэлігійныя;
- забясьпечыць далейшую ізаляцыю і лячэньне пацыентаў з COVID-19 і ізаляцыю ва ўмовах карантыну тых, хто зь імі кантактаваў;
- укараніць (у ангельскай вэрсіі — «даць магчымасьць для») дыстанцыйную працу і дыстанцыйнае навучаньне;
- спыніць дзейнасьць усіх «другасных» (у ангельскай вэрсіі — «неабавязковых») арганізацыяў, прадпрыемстваў і суб’ектаў эканомікі і інш.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ