У Берасьці на плошчы Леніна 19 красавіка каля поўдня чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю ад лютага 2018 году.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на праваабаронцу Рамана Кісьляка, у 12.40 на плошчы было каля 280 чалавек. З улікам небясьпекі каранавірусу, праціўнікі заводу былі ў мэдычных масках і стараліся знаходзіцца адзін ад аднаго на бясьпечнай адлегласьці.
Прысутныя абмяркоўвалі затрыманьне міліцыяй трох актывістаў. Дзьмітрыя Бекалюка затрымалі ў Берасьці ўвечары 17 красавіка. Яшчэ два праціўнікі акумулятарнага завода былі затрыманыя раніцай 18 красавіка: у Пінскім раёне – блогер Аляксандар Кабанаў, у Берасьцейскім – Дзьмітры Андрасюк. Гэтыя актывісты былі ў ліку праціўнікаў завода, якія сабраліся ў Берасьці на плошчы Леніна ў папярэднюю нядзелю, 12 красавіка.
Пасьля сустрэчы людзі прайшлі цэнтральнымі вуліцамі Берасьця. Як паведамляе tut.by, яны скандавалі лёзунгі «Свабоду актывістам», «Не заводу АКБ», «Чыноўнікаў на нары» і «Лукашэнка, сыходзь».
Тыя, хто прыйшоў сёньня на плошчу, лічаць, што, хутчэй за ўсё, Бекалюка, Кабанава і Андрасюка будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а да суду пратрымаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня.
У ліпені 2019 праект акумулятарнага заводу атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы; у жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «з прычыны неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага заводу пасьля карэктаваньня зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. 8 красавіка праект акумулятарнага заводу «АйПауэр» атрымаў станоўчае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы.
Дзяржаўная экспэртыза — адзін з крокаў на шляху запуску заводу. Наступны этап — выпрабаваньні змантаванага абсталяваньня, сыстэм водазабесьпячэньня, каналізацыі, ацяпленьня, вэнтыляцыі і інш.