Старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч перадаў 14 красавіка ў Савет міністраў, Палату прадстаўнікоў і адміністрацыю прэзыдэнта пэтыцыю з патрабаваньнем скасаваць вайсковы парад 9 траўня і перанакіраваць грошы на парад для закупкі апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ), паведамляе БелаПАН.
«Мы патрабуем афіцыйнай забароны на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, у тым ліку прымеркаваных да дзяржаўных сьвятаў. Такая мера — ня толькі фільтар на шляху каранавіруснай інфэкцыі, але і эканомія бюджэтных сродкаў», — сказана ў пэтыцыі.
У ёй падкрэсьліваюць, што праводзіць парад 9 траўня «ў складанай эпідэміялягічнай сытуацыі небясьпечна», «гэта пагроза здароўю і жыцьцю нашчадкаў тых, хто перамог фашызм».
Паводле актывістаў, грошы на парад варта пераразьмеркаваць на мэдычнае абсталяваньне для бальніц і сродкі абароны для лекараў і грамадзян, бо «нават паводле афіцыйных дадзеных сытуацыя пагаршаецца з кожным днём», а адзін парад, які абыходзіцца Беларусі ў суму ад 2 мільёнаў даляраў, гэта кошт 100-150 апаратаў ШВЛ, якія могуць спатрэбіцца ў выпадку росту захворваньняў, выкліканых каранавірусам, або кошт 1,5 мільёна масак.
Пад пэтыцыяй падпісаліся 2.500 чалавек. Подпісы сабралі за некалькі дзён. 14 красавіка перадалі першую частку подпісаў, збор подпісаў пад пэтыцыяй працягваецца онлайн.
Аляксандар Лукашэнка раней заяўляў, што ніякія заплянаваныя да сьвяткаваньня Дня Перамогі мерапрыемствы не адмяняюцца, а яго адміністрацыя шукае рашэньне, пры якім прэзыдэнт зможа ўзяць удзел у сьвяткаваньнях і ў беларускай сталіцы, і ў Маскве.
Дзяржсакратар Савета бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў 13 красавіка заявіў, што рашэньне, ці праводзіць парад, палітычнае і будзе прымацца ў залежнасьці ад абстаноўкі, якая будзе складвацца бліжэй да параду.
«Мы людзі вайсковыя, парад ніхто не адмяняў. На сёньня сярод удзельнікаў параду, які рыхтуецца, ніводнага хворага на каранавірус няма. Спадзяюся, што падрыхтоўка пройдзе бяз збояў, прымаюцца ўсе неабходныя меры перасьцярогі», — заявіў Раўкоў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ