Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навошта ж вы нас у Расеі робіце дурнямі?» Лукашэнка абрынуўся на расейкія СМІ і загадаў КДБ «кантраляваць сваіх»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка папракнуў расейскія СМІ ў перадузятым асьвятленьні мераў, якія прымае Беларусь у барацьбе з каранавірусам, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Прымаючы з дакладам міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка, кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ігара Сергеенку і старшыню Савета Рэспублікі Натальлю Качанаву, Лукашэнка нэгатыўна выказаўся пра тое, як асьвятляюць падзеі ў Беларусі ў расейскіх мэдыя, прытым ня толькі ў ананімных Telegram-каналах, але і ў агульнарасейскіх СМІ.

«Даюць такую агідную інфармацыю. А, бацька там лечыць сваіх трактарам, гарэлкай, лазьняй... Ведаеце, калісьці я на хаду пажартаваў. Але ў кожным жарце ёсьць доля жарту», — заўважыў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што хацеў бы сказаць расейцам — «гэтым, якія „плявузгаюць“» — «не чапаць» Беларусь, якая ў Расеі нічога ня просіць.

«Мы ратуемся, абараняемся самі. Прыяжджайце да нас, паглядзіце самі. Але навошта ж вы нас у Расеі робіце дурнямі? Навошта рускаму чалавеку забіваць у галаву, што там, на Захадзе, нашы гэтыя беларусы, яны нейкія ненармальныя? » — сказаў Лукашэнка.

Як адзначыў Лукашэнка, калі яму нядаўна паказалі «ў чарговы раз нейкага Кляймёнава, які там на Расею выдаваў, што ў нас і захворваньні, і хаваюць інфармацыю», «ну і нашы пачалі падхапляць», Беларусь запрасіла прадстаўнікоў Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, якія «сказалі — прэтэнзій да беларусаў няма», і дадаў, што калі ў Расеі сапраўды хочуць як-небудзь дапамагчы Беларусі, то маглі б зьнізіць да сусьветнай цану на прыродны газ:

«Сёньня ў Эўропе прыродны газ Расея прадае па 80 даляраў, не вышэй за 90 даляраў за 1 тысячу куб. мэтраў. А мы плацім 127 даляраў. Дзе такая цана сёньня ёсьць? Вось хочаце дапамагчы, дапамажыце. Ні грошай, нічога ня просім. Навошта з нас шкуру драць? Але пра гэта ў Расеі ніхто ня скажа. Гэтая праўда камусьці там не патрэбна. Здагадайцеся з трох разоў, каму», — дадаў Лукашэнка.

Што да беларускіх СМІ, у цэлым, паводле Лукашэнкі, яны «нарэшце пачалі працаваць нядрэнна», але ёсьць тыя, хто спрабуе «хайпаваць на тэме каранавірусу», і такія спробы трэба спыняць.

«І сваіх трэба кантраляваць. І Камітэту дзяржбясьпекі больш жорстка тут, і міліцыі, і Мінінфарм няхай глядзіць за ўсімі. Калі пабывалі тут міжнародныя экспэрты, іх паменшылася — такіх сьмелых, якія хайпавалі ў інтэрнэце на гэтай бядзе. Але яшчэ яны ёсьць. Іх трэба ставіць на месца. І не баяцца, што нас абвінавацяць у нейкай недэмакратычнасьці. Пройдзе гэта ўсё, і мы паглядзім, хто нагнятаў псыхоз», — сказаў Лукашэнка і дадаў, што ў сьвеце ёсьць і палітыкі, якія хайпуюць на гэтай тэме, і папярэдзіў, што «ў Беларусі так не паступаюць».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG