Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 9 красавіка прыняла ў першым чытаньні зьмены ў закон «Аб ахове здароўя», піша БелТА.
Гэта яшчэ не канчатковая вэрсія законапраекту — яго могуць зьмяніць да другога чытаньня або адхіліць у Савеце рэспублікі, таксама яго можа не падпісаць Аляксандар Лукашэнка.
Законапраект прадугледжвае такія зьмены:
- галоўных лекараў дзяржаўных установаў аховы здароўя будзе прызначаць і звальняць міністар аховы здароўя — цяпер гэта робяць выканкамы па ўзгадненьні зь Мінздароўя і Камітэтам дзяржаўнага кантролю, толькі ўстановаў рэспубліканскага ўзроўню прызначае міністэрства;
- будуць сфармаваныя «мэдыка-рэабілітацыйныя камісіі», якія будуць у тым ліку мець «аддзелы ацэнкі якасьці аказаньня мэдычнай дапамогі»;
- будуць створаныя новыя сыстэмы экспэртызаў — у тым ліку «фармаэканамічная»;
- будзе створаная сыстэма акрэдытацыі дзяржаўных мэдычных установаў на адпаведнасьць «базавым стандартам», цалкам яна мае запрацаваць 1 студзеня 2023 году;
- «дабраахвотную» акрэдытацыю змогуць праходзіць прыватныя мэдычныя цэнтры;
- замацуюць права грамадзнаў на атрыманьне падчас лекаваньня на дзённым стацыянары лекаў, мэдычных вырабаў, біямэдычных клетачных прадуктаў за кошт бюджэту;
- за кошт гэтага «аптымізуюць нагрузку» на кругласуткавыя стацыянары.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.