Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйна віцебскі актор памёр не ад каранавірусу


Віктар Дашкевіч
Віктар Дашкевіч

Прычынай сьмерці Віктара Дашкевіча, які памёр сёньня ў віцебскай лякарні, стала «неўдакладненая пнэўманія». Пра гэта гаворыцца ў пасьведчаньні аб сьмерці, якое апублікавала Радыё Рацыя.

Даведку выдалі сёньня сваякам памерлага.

У мэдычную ўстанову ён трапіў 21 сакавіка з дыягназамі «пнэўманія» і «хранічная абструкцыйная хвароба лёгкіх», падчас лекаваньня яму двойчы рабілі тэст на наяўнасьць каранавірусу, і другі з тэстаў паказаў станоўчы вынік.

У панядзелак жонка Віктара Дашкевіча Сьвятлана расказвала Свабодзе, што мужчына 6 дзён знаходзіўся ў рэанімацыі ў Віцебску на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — у яго выявілі COVID-19.

«Мужу на пяты дзень лячэньня стала горш, яго перавялі ў рэанімацыю, і ён ужо 6 дзён знаходзіцца на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Другі тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік».

Сама яна таксама 5 дзён праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску з пнэўманіяй.

У студзені артысту споўнілася 75 гадоў. Віктар Дашкевіч ад 1973-га працаваў у Коласаўскім тэатры, з 1981-га па 1990-ы і з 1991-га па 2007 год выконваў абавязкі загадчыка трупы. На сцэне выканаў дзясяткі роляў. Заслужаны артыст Беларусі (2016), узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны (2010), ганаровымі граматамі Кабінэту міністраў (1996) і Нацыянальнага сходу Беларусі (2006) ды іншымі ўзнагародамі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG