У Беларусі больш за дзесяць тысяч азёраў. Асобныя зь іх маюць амаль дасканалую форму — Сьвіцязь на Горадзеншчыне ці Божае вока на Браслаўшчыне. Дзевяць азёраў на Віцебшчыне ўвогуле называюць Круглымі. Найдаўжэйшае возера Сялява на Меншчыне выцягнутае на 15 кілямэтраў. Мы адабралі сем беларускіх азёраў, адметных сваёй берагавой лініяй — зрэзанай, пакручастай, з мноствам заліваў і паўастравоў.
Яна робіць магчымымі доўгія вандроўкі нават вакол невялікіх па плошчы вадаёмаў.
1. Нешчарда
Расонскі раён, Віцебская вобласьць
Возера Нешчарда мае самую доўгую ў краіне берагавую лінію — 50 кілямэтраў. Гэта на 9 кілямэтраў больш, чым у Нарачы, найвялікшага возера ў Беларусі. Берагі Нешчарды моцна зрэзаныя. Шматлікія залівы і мысы надаюць возеру неймаверную маляўнічасьць.
На ўсходнім беразе Нешчарды, у вёсцы Мурагі, вокнамі на возера стаяў дом аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага. Ён ня раз абыходзіў возера, куды пазьней у сваіх апавяданьнях пасяліў цмока.
Калі ісьці берагам Нешчарды на захадзе ці ўзыходзе сонца, можна пачуць званы зруйнаванай драўлянай царквы, што стаяла на гары пасярод возера, піша Баршчэўскі ў легендзе пра волата Княжу. У гэта нескладана паверыць, ідучы нізкімі, забалочанымі, парослымі хмызьняком берагамі Нешчарды, да якой з усіх бакоў падступае лес. А на поўдні і поўначы над вадой узвышаюцца марэнныя ўзгоркі вышынёй 10–15 мэтраў.
2. Крывое
Вушацкі раён, Віцебская вобласьць
Зь дзесяці Крывых азёраў, што ёсьць у краіне, Крывое з Вушацкай азёрнай групы — найвялікшае і мае надзвычай хвалісты сылюэт.
Яго пакручастыя берагі з залівамі і мысамі расьцягнутыя на 21 кілямэтар. Берагавая лінія аздобленая грэбенем озавых градаў. Крывыя берагі месцамі зьліваюцца са схіламі, вышыня якіх вагаецца ад 10 да 50 мэтраў. У паўночнай і паўднёвай частках возера яны, наадварот, нізкія і часта забалочаныя. З усходу да возера Крывога падыходзіць ялова-хваёвы лёс, з захаду — палі. Ручаямі Крывое зьвязанае з азёрамі Сосенка, Усая, Дрэнна, Паазер’е.
З 1979 году возера з прылеглай да яго тэрыторыяй абвешчанае азёрным заказьнікам Крывое.
3. Лепельскае
Лепельскі раён, Віцебская вобласьць
Складаныя абрысы мае Лепельскае возера на паўночнай ускраіне Лепеля. Даўжыня яго берагавой лініі складае амаль 40 кілямэтраў. Гэта трэці паказчык пасьля Нешчарды і Нарачы.
На Лепельскім возеры шмат утульных заліваў, на вадзе ляжаць мысы і няправільнай формы астравы. На адным зь іх калісьці стаяў замак, на другім цяпер разьмешчаны пансіянат — маляўнічасьць тутэйшых мясьцін схіляе да адпачынку. Берагі ўмоўна дзеляць возера на тры часткі, кожная зь якіх мае сваю назву — Гарадзкое, Кусьцінскае, Белае. Берагі возера пераважна нізкія, пакрытыя кустамі або лесам.
Асаблівасьць навакольнага ляндшафту — курганныя могільнікі, якія на Лепельшчыне называюць валатоўкамі. Выгляд возера маляўніча-таямнічы — нездарма месцам жыхарства яго абраў цмок. Падрабязнае апісаньне лепельскага цмока шукайце ў Караткевіча. Летам на беразе возера адбываецца фэстываль міталёгіі.
4. Несьпіш
Браслаўскі раён, Віцебская вобласьць
Асаблівай маляўнічасьцю і пакручастасьцю сылюэту сярод азёраў Браслаўшчыны вылучаецца Несьпіш. Гэтае невялікае возера, плошчай трошкі больш як чатыры квадратныя кілямэтры, мае даўжыню берагавой лініі 16,5 км.
Найлепшы від на возера адкрываецца са старажытнага гарадзішча Маскавічы, што прылягае да яго з захаду. Зь яго вышыні таксама можна ўбачыць злучаныя паміж сабой азёры Войса і Недрава.
Гаспадары навакольных сядзібаў прапануюць турыстам водныя маршруты ўздоўж берагоў Несьпіша, а таксама вакол яго шматлікіх астравоў.
5. Мядзел
Мядзельскі раён, Менская вобласьць
Каб абысьці возера Мядзел, давядзецца прайсьці 30,92 кілямэтра. Маршрут выйдзе пакручасты — берагавая лінія маляўніча зрэзаная, тут багата заліваў, мысаў і паўастравоў.
Найвялікшы паўвостраў — на поўначы возера, ён завецца Дубовым. Самы маляўнічы — на поўдні, безыменны, утвораны озавой градой. Града цягнецца ўздоўж паўднёвага берага возера Мядзел, яе грэбень можа дасягаць вышыні 20 мэтраў.
Большасьць азёрных берагоў нізкія, пяшчаныя і пяшчана-галечныя. Ва ўсходняй частцы яны зьліваюцца са схіламі. Вакол возера — зарасьці кустоўя, палі, лугі. З паўднёвага ўсходу да Мядзела прымыкае забалочаны лес. Зь лініяй берага гармануюць астравы. Іх на возеры восем. Найвялікшы — Замак, дзе былі ўмацаваньні XI–XIII стагодзьдзяў.
6. Атолава
Вушацкі раён, Віцебская вобласьць
Працягласьць берагавой лініі возера Атолава — 38,8 кілямэтра. Пры гэтым плошча вадаёма — 8,2 кілямэтра. Амаль па ўсім пэрымэтры яго атачае озавая града вышынёй да 35 мэтраў. Месьцічы называюць яе Бабінай гарой. У Атолава незвычайна зрэзаная берагавая лінія зь вялікай колькасьцю паўастравоў. Астравоў — сем. Найвялікшы — Казацкі ў паўднёва-ўсходняй частцы возера, насупраць урочышча Антунова. Паміж астравамі — шырокія і ціхія плёсы зь пяшчаным і галечным дном.
Берагі Атолава пераважна высокія і зьліваюцца са схіламі. Пратокамі Атолава злучанае з азёрамі Ліпна і Чорная Ўрода.
7. Сіньша
Расонскі раён, Віцебская вобласьць
Возера Сіньша дало назву нацыянальнаму ляндшафтнаму заказьніку на Расоншчыне. Гэта маланаселеная, пакрытая густым лесам мясцовасьць са складаным рэльефам ледніковага паходжаньня. У заказьніку 21 возера. Сіньша — адно зь пяці найбуйнейшых, абʼяднаных у адзіную сыстэму.
Катлавіны тутэйшых азёраў таксама ўтварыў ледавік. Ім уласьцівыя невялікія глыбіні і высокія схілы. Азёрныя ляндшафты Расоншчыны называюць непаўторнымі. Сіньша мае ўзорыстыя абрысы, якія ўтвараюць мысы і залівы. Берагавая лінія выцягнутая амаль на дзесяць кілямэтраў.
На Сіньшы самы вузкі і доўгі ў Беларусі паўвостраў — яго даўжыня тры кілямэтры. Паўвостраў дзеліць возера на дзьве часткі, аб’яднаныя вузкімі пралівамі. Пратокі злучаюць Сіньшу з азёрамі Волаба, Донскае, Астраўцы і Буда. Па іх ладзяцца шматдзённыя водныя паходы.