Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цярпілы» незалежнасьці. Чаму ўлады ставяцца да яе так, як ставяцца


Ілюстрацыйнае фота. Аўтазакі ў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску на Дзень Волі, 25 сакавіка 2019 году
Ілюстрацыйнае фота. Аўтазакі ў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску на Дзень Волі, 25 сакавіка 2019 году

Еду штодня сталічным праспэктам Незалежнасьці і згадваю, як мы, студэнтамі, стварылі сваю падпольную групу «Незалежнасьць». Гэта было ў 1980-м, сорак гадоў таму. Згадваю і дзіўлюся нам тагачасным. У назву групы была вынесеная наша мара для краіны.

У незалежнасьць Беларусі ў часы брэжнеўскага застою верыла жменька людзей, а ў хуткую незалежнасьць, пры нашым жыцьці, мабыць, увогуле ня верыў ніхто. Дакладней, верылі, але рэальных перадумоваў ня бачылі. І само слова «незалежнасьць» было тады пад суворай забаронай. Яго і ўжывала толькі тая жменька. І вось, калі ласка, — заліты сонцам праспэкт называецца гэтым некалі крамольным словам.

Наша група «Незалежнасьць» выдавала падпольны часопіс «Люстра дзён», тыражавала нелегальную літаратуру, была палітычным ядром Беларускай Майстроўні... Ды пра тое і пра тых напісана нямала.

Дзіўная трансфармацыя. Праспэкт называецца тым, чаму мы, высокай нотай кажучы, прысьвяцілі жыцьцё, усе гэтыя 40 гадоў. Ясна, што з часам нас стала ня жменька, а вялікае мноства. Але ўсе гэтыя людзі сёньня як бы ў апазыцыі ўладзе. А праспэкт называецца...

А чым у 1980-м займаўся цяперашні кіраўнік незалежнай Беларусі?

У афіцыйнай біяграфіі на сайце прэзыдэнта да кучы пералічваюцца ягоныя заняткі ў дастаткова вялікі пэрыяд 1978–1990, таму больш канкрэтна пра 40-гадовую даўніну героя я чытаю ў Вікіпэдыі:

«У 1978–1980 — адказны сакратар Шклоўскай раённай арганізацыі Ўсесаюзнага таварыства „Знание“. З 1979 член КПСС. У 1980–1982 ва Ўзброеных сілах СССР — намесьнік камандзіра танкавай роты в/ч 04104 (Магілёўская вобласьць) па палітчасьці».

Зрэшты, і безь біяграфіі вядома, што савецкі прапагандыст і палітрук Лукашэнка ніколі ня марыў пра незалежнасьць Беларусі, а рабіў усё, хутчэй, насуперак ёй, што вынікае зь ягоных шкадаваньняў пра распад савецкай імпэрыі. Ды і ўсе, хто ўвасабляе гэтую ўладу, яны душою — з тых савецкіх прапагандыстаў, для якіх незалежнасьць была крамолай, а гаварыць пра яе — злачынствам. А вось жа маеш.

Мы марылі пра незалежнасьць, а яны марылі пра кар’еру ў Маскве, і якраз цераз незалежнасьць іхныя мары каўкнулі.

Дапусьцім, яны перамаглі, а мы прайгралі. Чаму тады Беларусь трыццаць гадоў незалежная краіна, чаго хацелі мы і супраць чаго выступалі яны? Мы прайгралі, але выйгрыш у нас? А можа, яны ні за што і не змагаліся? Толькі за ўладу, за якую не змагаліся мы? І таму яны маюць уладу, ім неістотна, зь якой рыторыкай, а мы (разам зь імі) маем найвялікшую каштоўнасьць свайго народу. І мы занятыя мовай, культурай, кнігамі, выхаваньнем, асьветай, адукацыяй. А яны маюць уладу. І мы са сваімі каштоўнасьцямі застаемся жыць, бо ў іх каштоўнасьцяў проста няма, апроч каштоўнасьці ўлады?

Нам, вядома, хочацца «ўсяго», у тым ліку «іхнага», дзяржаўнага, — сыстэмы адукацыі, тэлевізара, мудрых указаў. Але тут мы заступаем на іхную тэрыторыю — улады, за якую мы амаль не змагаліся. Прынамсі, «сілы былі няроўныя». Часам яны заступаюць на нашу дзялку каштоўнасьцяў, але хутка разумеюць, што тут — каштоўнасьці, за якія не змагаліся яны.

Таму мы і працягваем змагацца за незалежнасьць, а яны ад яе цярпяць і працягваюць змагацца супраць нас.

Едучы сонечным праспэктам Незалежнасьці, я разумею, што што б у нас ні адбывалася, а гісторыя пішацца паводле нашага сцэнару.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG