Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як гэта — сьвяткаваць дзень народзінаў, калі навокал каранавірус


Як вядома, карантыну ў Беларусі няма. Ніхто яго не абвяшчаў. Толькі сын чамусьці ня ходзіць на калектыўныя заняткі ў каледж, напісаў заяву, як і ўся група, — на прапанову адміністрацыі.

Нават мне не гаворыць прычыны. Кажа: «Напішаш потым пра гэта, дык зьняславіш наш каледж. Нібыта мы самыя хітрыя ці кемлівыя. Так усе робяць, але маўчаць». Во як тлумачыць роднай маці, нягоднік.

А так карантыну няма. Як няма яго і для маёй хрэсьніцы — сёньня высьветлілася, што і яна ня ходзіць у школу. Маці тлумачыць, што напісала заяву на два тыдні. Як і большасьць бацькоў школьнікаў малодшых клясаў у школе нумар... Ды якая розьніца? Не падымайце панікі, у нас няма каранавірусу. Проста так бацькі захацелі. Адміністрацыя не магла адмовіць. Урэшце, у нас дэмакратычная краіна. Хачу хаджу, хачу — дома сяджу.

Няма ў нас карантыну. БРСМ малюе вясёлыя карыкатуры, ва ўстановах аховы здароўя працуюць «гарачыя лініі». Дарэчы, папраўдзе халодныя. Я спраўдзіла. На працягу паўтары гадзіны настойліва барабаніла на тыя тэлефоны. Маўчаньне. А пісалі ж, што там адкажуць на ўсе актуальныя пытаньні пра каранавірус. Але на што адказваць, калі праблемы не існуе?

Давялося ісьці самой у абласное ўпраўленьне аховы здароўя. Надта мяне хваляваў каранавірус. Як яны па тэлефоне не адказваюць, мо там зусім блага зь імі, у тым упраўленьні, а ніхто і ня ведае. Можа, я ўратую іх усіх!

Да начальніка не пускае сакратарка. Кажа, што мы яго будзем адцягваць ад важных спраў. Кажа: «Вы што, ня бачыце? Да яго зайшоў начальнік іншага ўпраўленьня аблвыканкаму! Я што, буду яго турбаваць дзеля вас? Вы што, важнейшыя, чым начальнік іншага ўпраўленьня аблвыканкаму?»

Мы не важнейшыя. Згодны. Можам пачакаць і ў прыёмнай. «Тут нельга сядзець!» — «А чаму гэта нельга? Для каго тады крэслы паставілі тут?»— «Гэта для наведнікаў, а вы не наведнікі». — «Як гэта так? Мы ж прыйшлі нагамі сюды, значыць, наведнікі!» — «Гэта не для наведнікаў, а для людзей!».

На гэты аргумэнт нам няма чым адказаць, праўда. Натуральна, мы маглі б прад’явіць сакратарцы свае прыкметы прыналежнасьці да роду людзкага — прадэманстраваць сымэтрычныя канцавіны ці яшчэ што несымэтрычнае, паказаць дыплёмы аб вышэйшай адукацыі, прачытаць вершы на памяць з курсу беларускай літаратуры, расейскай, замежнай, прадэманстраваць веданьне асноў мэдыцыны, якія вучылі на трэцім курсе. Крыкнуць, урэшце, голасна: «Я чалавек! А значыць, я існую!»

Але ў яе быў такі суворы выгляд, што нас хапіла толькі на тое, каб засунуць свае ніжнія канцавіны глыбей пад крэслы для наведнікаў.

Кабінэт начальніка аховы здароўя віраваў жыцьцём, як сподак Петры. Раз-пораз адтуль выскоквалі людзі ў гарнітурах з чырвонымі заклапочанымі тварамі. Пасьля іх туды заскоквала сакратарка і нешта шаптала пра званкі «адтуль», выразна падымаючы палец проста ў неба ці ў новую прыгожую столь.

«За нашы, падаткаплатнікаў, грошы адрамантаваную!», — хацелі заныць мы і з такой маніпуляцыйнай нагоды прарвацца нарэшце ў кабінэт начальніка. Але разумелі марнасьць. Што было пад сонцам — тое і будзе.

І так мы сядзелі. Ляніва перабрэхваліся з сакратаркай, потым апатычна швэндаліся па калідоры і адчынялі дзьверы ў кабінэты намесьнікаў, каб пачуць: «Я заняты, я нічога не буду гаварыць, я ня маю паўнамоцтваў, у мяне нарада!» Мы зазіралі ў пусты кабінэт і разумелі: «Гэтага не чапаць. Гэты ўжо дасягнуў дзэну і вядзе перамовы зь нябачнымі нам знахарамі ці варажбітамі». Ці яны проста працуюць у рэжыме самаізаляцыі.

Вярталіся ў прыёмную, каб працягнуць бессэнсоўныя і таму мілыя сэрцу і лёгкія спрэчкі з сакратаркай. З кабінэту начальніка зноў выскачыла партыя людзей у гарнітурах з чырвонымі тварамі. Яны беглі па калідоры і аддавалі інструкцыі праз тэлефоны. Мы таропіліся ў свае — ставілі падабайкі ўсім, хто пакутуе цяпер ад самаізаляцыі. Мы-то ў выйгрышы! Вакол нас жа віруе самае сапраўднае жыцьцё, як у сподку Петры!

Кабінэт начальніка ўпраўленьня за дзьве гадзіны нястомнага назіраньня стаў нам здавацца нейкай чорнай дзіркай наадварот, дзе ніхто не зьнікае, а зьяўляецца ніадкуль, матэрыялізуецца, каб пабегчы потым калідорам, крычучы ў мабільны тэлефон.

Можа, у тым кабінэце такое месца сілы ці там стаіць грандыёзны акумулятар, або іх там токам лупяць? Бо бягуць яны адтуль, як апараныя. Пры нашай памяці ўжо чалавек дзесяць выскачылі, як (не, ня корак ад шампанскага, і ня злодзей з завугольля, а як падначаленыя выскокваюць ад начальніка, так, менавіта так).

Мы марылі, што некалі (можа быць) і мы так выскачым куляй з таго кабінэту і паімчым па калідоры, перадаючы рэдактару Важную Інфармацыю, Якая Тычыцца Бясьпекі Ўсіх Нас Усяго Нашага Народу, Беднага, Гаротнага, Не-На-Карантыне Каторы.

Недзе празь дзьве з паловай гадзіны сакратарка пайшла да начальніка, каб спытацца: пускаць нас ці не? Да гэтага яна ўжо пяць разоў перапісала ў нейкія «журналы наведваньняў прыёму грамадзян па асабістых пытаньнях» ўсе нашы зьвесткі з усіх дакумэнтаў, якія мы мелі і якіх ня мелі.

«Ён. Вас. Прыме», — сказала яна. Божа, ура! Хаця, каб так прымаў Бог, то ня варта ні жыць, ні паміраць. Надта патасна.

«У вас пяць хвілін», — папярэдзіў начальнік. Толькі мы разявілі раты, каб агучыць пяцьдзесят восем пытаньняў пра каранавірус, як яго намесьнік (матэрыялізаваўся тут) тыя пяць хвілін і забраў, пачаўшы папікаць нас нейкімі артыкуламі за 11 сакавіка ў газэце, дзе мы і не працуем. «Але гэта ня мы пісалі! Гэта ня наша выданьне, мы пішам толькі праўду!», — спрабавалі пярэчыць, чырванець і здраджваць калегам мы.

«Ат. Ваша задача — паніку сеяць. Вам абы-якой цаной здабываць інфармацыю», — мякка папікнуў нас начальнік.

«А ваша задача — утойваць?» — удакладнілі мы.

І тут ён прадэманстраваў, што не. Нічога ніхто ня ўтойвае. 42 чалавекі ізаляваныя праз выпадак з каранавірусам у адным райцэнтры. Вось што мы даведаліся.

Больш мы нічога не даведаліся. Бо нашы пяць хвілін прайшлі. Мы тыя лічбы загарнулі ў фольгу, папырскалі антысэптыкам, схавалі і пайшлі сабе.

І пайшлі мы, падбадзёрваючы адзін аднаго, што «гэта яшчэ добра». Што «хоць лічбу назваў», «добра, што міліцыю ня выклікаў». Што «добра, што пусьціў у кабінэт». Што «А ён лепшы, чым папярэдні, памятаеш?» Памятаем, як папярэдні наогул маўчаў. Мы прыходзілі да яго ў эпоху сьвінога грыпу 2009 году, і ён проста маўчаў. Не адказваў ня толькі на пытаньні, але і на «Добры дзень!».

Ведаў мо, што мы вестуны Апакаліпсісу, пасьля нас добрых дзён не бывае. Мы хадзілі за ім па калідорах Ўпраўленьня, дзе чырвоныя дарожкіі, набытыя за нашы, няшчасных падаткаплатнікаў, грошы, прыглушалі ягоныя і нашы крокі. Мы хадзілі і пыталіся: «Ці ёсьць таміфлю? Колькі чалавек памерлі ўжо ад ускладненьняў?»

Начальнік сціскаў вусны і ішоў сабе далей па калідоры. Потым — у ліфт. Мы стаялі насупраць яго ў ліфце і нястомна-бессэнсоўна паўтаралі свае мантры пра таміфлю і пнэўманію. Ён з каменным тварам глядзеў міма нас. Потым таксама моўчкі пайшоў у дэпутаты.

А ягонае месца заняў новы начальнік.

Потым на месца новага начальніка прыйшоў навейшы начальнік.

Потым зноў прыйшоў не сьвіны, дык немаведама які вірус. А кароны як былі ў начальніках на галовах, так і засталіся. Колькі мы, небаракі-падаткаплатнікі, не набываем ім чырвоных дарожак, новай мэблі, посуду, аўтамабіляў і падвясных столяў, лагаднейшымі яны ня сталі.

Дык што там са сьвяткаваньнем дня нараджэньня? Нешта ніхто не прыйшоў. Можа быць, таму, што мы нікога не паклікалі? Ці таму, што мы самі, як ніколі, маем патрэбу ў самаізаляцыі пасьля сацыяльных камунікацый з начальнікамі.

Для нас, пакуль мы жывыя, самаізаляцыя — хіба ласка Божая і дабраславеньне, а не праклён.

Цяпер усе пішуць патрабаваньні да ўладаў (то дактары, то настаўнікі, то студэнты): «Абвясьціце карантын, пачніце карантын!». Мы таксама выстаўляем сваё патрабаваньне: «Адрэжце гэты інтэрнэт, перарэжце ўсе кабелі, калі ласка. Каб наша начальства не магло звязацца з намі і даць заданьне ісьці прасіць камэнтар у якое-кольвек Упраўленьне».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG