Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ніколі не прыкрываўся імем прэзыдэнта». У судзе дапытваюць былога ахоўніка Лукашэнкі


Андрэй Уцюрын падчас суду 11 сакавіка
Андрэй Уцюрын падчас суду 11 сакавіка

Андрэй Уцюрын прызнае віну ў атрыманьні хабару памерам больш чым 190 тысяч даляраў. Аднак сьцьвярджае, што грошы браў у доўг, не лічыў гэта хабарам і не дапамагаў расейскім бізнэсоўцам перамагаць у тэндэрах.

Допыт былога намесьніка сакратара Савету бясьпекі Беларусі і былога кіраўніка службы аховы прэзыдэнта Беларусі Андрэя Ўцюрына пачаўся ў панядзелак 23 сакавіка — больш чым праз тыдзень пасьля пачатку разгляду справы. Перад тым як даваць паказаньні суду, Андрэй Уцюрын яшчэ раз падаў хадайніцтва аб допыце яго на закрытым паседжаньні. Суддзя паўторна адмовіў.

На самым пачатку судовага працэсу былы кіраўнік службы аховы кіраўніка Беларусі паведаміў, што віну ў атрыманьні грошай ад прыватных асобаў прызнае, аднак заявіў, што гэта быў не хабар, а пазыка. І што ён мае даўгавую расьпіску.

Андрэй Уцюрын расказаў падчас допыту, што ў 2015 годзе пачаў будаўніцтва дому, гэта патрабавала вялікіх сумаў грошай. Для будаўніцтва ён атрымаў крэдыт у «Беларусбанку» (660 мільёнаў рублёў), аднак яго не хапала. Таму Ўцюрын вырашыў пазычыць у сваіх знаёмых бізнэсоўцаў частку грошай. Адным зь іх быў Віталій Гарбачоў, кіраўнік расейскіх кампаніяў «Смартлабс» і «УГМК-Телеком».

З Гарбачовым Уцюрын быў знаёмы яшчэ з часу вучобы ў Саратаўскай вайсковай вучэльні. Там жа вучыўся і пазьнейшы кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Сяргей Дарошка. Гарбачоў, з словаў Уцюрына, быў зацікаўлены ў заключэньні дамоваў з дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў Беларусі, а таксама зь «Белтэлекамам». Былы намесьнік кіраўніка Савету бясьпекі сьцьвярджае, што проста «зьвёў» людзей зь фірмы былога аднакурсьніка Віталія Гарбачова з прадстаўнікамі дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і «Белтэлекамам». І настойвае на тым, што расейскія кампаніі яго сяброў удзельнічалі ў конкурсе на агульных умовах.

«Я ня меў права аддаваць распараджэньні асобам, якія называюцца ў абвінавачваньні, — заявіў Уцюрын на працэсе. — Я ня мог даваць і не даваў такіх распараджэньняў. Кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў ня быў маім падначаленым. Я як вайсковец ня мог аддаваць распараджэньні не падначаленай мне асобе. Я таксама не даваў указаньняў Сівадзедаву (былы генэральны дырэктар „Белтэлекаму“, таксама абвінавачаны ў справе. — РС), зь ягоных паказаньняў гэтага не вынікае. Я ніколі не прыкрываўся імем прэзыдэнта, як цяпер вынікае з паказаньняў, дадзеных Сівадзедавым».

Сяргей Сівадзедаў падчас допыту ў гэтай справе сьцвярджаў, што ўсё ж атрымліваў ад Уцюрына ўказаньні заключыць дамовы з канкрэтнымі расейскімі кампаніямі.

Паводле Андрэя Ўцюрына, падчас арышту ў яго забралі 210 тысяч даляраў і 24 тысячы эўра (абвінавачваюць Уцюрына ў атрыманьні 190 тысяч даляраў ў адным эпізодзе і 9 тысяч у іншым). Ён таксама паведаміў, што дом на гэты момант недабудаваны, на ўчастку ляжаць будаўнічыя матэрыялы. Частку атрыманых у якасьці пазыкі грошай, з словаў Уцюрына, ён патраціў не на будаўніцтва, а на асабістыя патрэбы — ежу і вопратку. Гаворка пра 9000 даляраў, атрыманыя ім ад Уладзімера Томчанкі.

Падчас допыту Андрэй Уцюрын таксама расказаў, што сам прасіў міністра сувязі Сяргея Папкова разабрацца з карупцыяй у яго ведамстве. Гэта адбылося ў 2015 годзе на цырымоніі інаўгурацыі Лукашэнкі. Уцюрын сьцьвярджае, што яму стала вядома, быццам адзін з намесьнікаў міністра езьдзіць у адпачынкі за кошт партнэраў з Кітаю, а таксама атрымлівае ад іх узнагароджаньне. У праваахоўныя органы Уцюрын з гэтай нагоды не зьвяртаўся, бо, як ён сказаў, інфармацыя была непацьверджаная. Чым скончылася гэтая гісторыя, Андрэй Уцюрын ня ведае.

«Справа Андрэя Ўцюрына». Што трэба ведаць

  • Пра арышт намесьніка старшыні Савету бясьпекі Андрэя Ўцюрына стала вядома 29 красавіка 2019 году. 1 траўня на Нацыянальным прававым партале зьявіўся ўказ Лукашэнкі аб звальненьні Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца».
  • Да працы ў Савеце бясьпекі Андрэй Уцюрын шмат гадоў кіраваў службай бясьпекі Лукашэнкі — з 2007-га па 2014-ы. Мае два мэдалі «За бездакорную службу» (2-й і 3-й ступеняў), а таксама ордэн «За службу Радзіме» 3-й ступені.

Белтэлерадыёкампанія, Акадэмія навук, Вярхоўны суд. Куды пастаўлялі тэхніку кампаніі, якія фігуруюць у справе былога ахоўніка Лукашэнкі

  • Справай Андрэя Ўцюрына займалася Сьледчае ўпраўленьне КДБ. На пачатку сьнежня 2019 КДБ паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня. Стала вядома, што Ўцюрына вінавацяць у хабары памерам 190 тысяч даляраў; акрамя яго, фігурантамі справы зьяўляюцца яшчэ 15 чалавек.

Толькі 2 з 16 фігурантаў «справы Ўцюрына» не прызналі сваёй віны

  • Судовы працэс разглядаецца Вярхоўным судом у памяшканьні Маскоўскага суду Менску і, нягледзячы на хадайніцтва абвінавачаных, праходзіць у адкрытым рэжыме.
  • На лаве падсудных 8 прадстаўнікоў дзяржаўных структур і 8 бізнэсоўцаў. Сярод іх старшыня праўленьня Беларускага міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фелікс Касьпяровіч, намесьнік кіраўніка галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацбанку Андрэй Падгорны, дырэктар інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юры Зданевіч, выканаўчы дырэктар банку «БелВЭБ» Юры Панамароў, гендырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў ды іншыя.
  • Агульная сума атрыманага чыноўнікамі хабару складае 1 мільён 650 тысяч даляраў.
  • У чым вінавацяць. «Службовыя асобы атрымлівалі хабар за заключэньне дамоваў, якія прадугледжвалі ў тым ліку мадэрнізацыю тэлекамунікацыйнага апаратна-праграмнага комплексу і пастаўку абанэнцкіх прыставак з убудаваным модулем Wi-Fi, — гаварылася ў паведамленьні КДБ. — Закупку ліцэнзій для тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, праграмнага забесьпячэньня і абароны інфармацыі, закупку абсталяваньня маршрутызацыі для цэнтральных вузлоў перадачы дадзеных абласных філіялаў РУП „Белтэлекам“, набыцьцё абсталяваньня бесправадной перадачы дадзеных на аснове тэхналёгіі Wi-Fi».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG