Улады Італіі пашыраюць меры барацьбы з каранавірусам. Да 3 красавіка мусяць закрыцца ўсе прадпрыемствы, дзейнасьць якіх не жыцьцёва неабходная. Адпаведнае распараджэньне даў прэм’ер краіны Джузэпэ Кондэ, паведамляе «Нямецкая хваля».
Пра чарговую меру ў барацьбе супраць пандэміі абвясьціў 21 сакавіка старшыня Рады міністраў Італіі Джузэпэ Кондэ. Супэрмаркеты, аптэкі, пошта і грамадзкі транспарт працягнуць працаваць.
Італія ўжо выйшла на першае месца ў сьвеце ў колькасьці памерлых ад каранавірусу. Гэты вірус выявілі ў 53 тысяч чалавек, памерлі 4800 чалавек, 6000 чалавек выздаравелі.
З 10 сакавіка ў Італіі абмежавалі перасоўваньне людзей, школы і ўнівэрсытэты закрытыя да 3 красавіка, скасаваныя любыя дэманстрацыі. Абмежаваньні закранаюць каля 60 мільёнаў чалавек.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ