Сытуацыя з палітыкай бясьпекі ў рэгіёне Балтыйскага мора пагоршылася, што азначае павышаную рызыку ваенных інцыдэнтаў і канфрантацыі, паведамляе Associated Press са спасылкай на дакумэнт службы вонкавай выведкі Швэцыі (MUST).
У ведамстве адзначылі, што сытуацыя ў рэгіёне па-ранейшаму характарызуецца ростам вайсковай актыўнасьці. «Дынаміка адносін паміж Злучанымі Штатамі, Кітаем, Расеяй і Эўрапейскім зьвязам таксама ўплывае на сытуацыю ў галіне палітыкі бясьпекі ў рэгіёне Балтыйскага мора», — заявілі ў MUST.
У службе вонкавай выведкі Швэцыі дадалі, што ў цэлым Расея ў вайсковым дачыненьні саступае Злучаным Штатам і NATO, аднак мае перавагу на рэгіянальным узроўні, бо ў выпадку канфлікту NATO і Эўропа будуць залежаць ад амэрыканскага падмацаваньня.
Раней служба вонкавай выведкі Эстоніі прааналізавала расейскія вайсковыя манэўры і прыйшла да высновы, што Масква «рыхтуецца да ваеннага канфлікту» з NATO. Паводле зьвестак ведамства, справакаваць канфлікт можа «каляровая рэвалюцыя» ў адной з суседніх з Расеяй краін. У прыватнасьці, асаблівую ўвагу эстонская выведка надае сытуацыі ў Беларусі, паведамілі ў ведамстве.