Садоўнікі мінулых стагодзьдзяў умелі падкрэсьліць прыродную прыгажосьць, якая засталася ў спадчыну сучаснай Беларусі. Маляўнічыя ўзгоркі, нізіны, лагчыны, узьлескі, раўніны, стужкі рэк, берагі азёраў былі выдатнай асновай для пэйзажных паркаў. Архітэктары ўпісвалі будынкі ў прыродны ляндшафт, разварочвалі іх фасадам у найпрыгажэйшы бок, прадугледжвалі адкрытыя тэрасы і бэльвэдэры, каб гаспадары і госьці з найлепшых пунктаў аглядалі ваколіцы. Мы падабралі 7 палацава-паркавых ансамбляў, дзе ўдала спалучыліся архітэктура і ляндшафтны дызайн.
1. Палацава-паркавы ансамбаль Румянцавых — Паскевічаў у Гомлі
Палацава-паркавы ансамбль у цэнтры Гомля цягнецца на 800 мэтраў уздоўж высокага правага берагу ракі Сажа. Палац, фасадам зарыентаваны на раку, пабудаваны ў стылі клясыцызму на месцы земляных умацаваньняў і драўлянага замку князя Чартарыйскага. Палац неаднаразова перабудоўвалі згодна з модай і густам новых гаспадароў — у розныя часы ім валодалі Румянцавы і Паскевічы. У яго абліччы заўважны почырк архітэктараў Карла Блянка, Джона Кларка, Адама Ідзкоўскага.
Адзіны комплекс з палацам стварае пэйзажны парк, закладзены ў канцы XVIII стагодзьдзя. Большасьць высадак у парку мела ляндшафтную арганізацыю. Рэчышча старажытнай рачулкі Гамяюк пераўтварылі ў «Лебядзінае возера», якое падзяляе парк на дзьве часткі. У паўднёвай — палац, Петрапаўлаўскі сабор і капліца, у паўночнай — зімовы сад і аглядная вежа, пад якую пераабсталявалі комін колішняга цукровага заводу. У парку растуць тысячы дрэваў мясцовых і экзатычных пародаў, у тым ліку ліпа, ясень, клён, кедар сыбірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная.
2. Палацава-паркавы комплекс у Нясьвіжы
Менская вобласьць
У канцы XVI стагодзьдзя пажаданьні Мікалая Радзівіла Сіроткі ў камені ўвасобіў італьянскі архітэктар Ян Марыя Бэрнардоні. Пазьней над комплексам працавалі розныя архітэктары. Цягам стагодзьдзяў умацаваны замак набываў выгляд палацу.
Здалёк ён выглядае на складанае збудаваньне з стромкімі вежамі, пастаўленае на высокі земляны пагорак у атачэньні вады і зеляніны парку. Мясцовыя краявіды ў рамантычны пэйзажны парк пераўтварыла француская арыстакратка Марыя Дарота дэ Кастэлян, жонка Антона Радзівіла. Ёй дапамагалі вядомыя садоўнікі Андрэй Пастарэмчык, Міхал і Адольф Стоцкія, Антон Глінскі.
На колішняй хвалістай раўніне, дзе цякла ў Нёман рака Вуша, паўсталі пяць аўтаномных паркавых зонаў. Парк Антона заклалі на вонкавых лініях абароны, а таксама на замкавых валах. Адначасова на францускі манер будаваўся Стары парк, адметнасьцю якога стала канадзкая таполя. Дрэвы сюды везьлі з найлепшых лясных гаспадарак княства, а экзоты выпісвалі з Бэрліну. Марысін парк разьбілі на беразе Дзікага става з сыстэмай каналаў, кляновымі і ліпавымі алеямі. На поўнач ад Марысінага комплекс працягваецца ляканічным Ангельскім паркам. Апошні быў закладзены Японскі сад. Шырокія сьцежкі ў ім замянілі вузкімі пакручастымі дарожкамі, расьліннасьць тут — карлаватыя дрэвы і кусты, сярод якіх узвышаліся мастацкія кампазыцыі з камянёў.
3. Палацава-паркавы комплекс Булгакаў у Жылічах
Кіраўскі раён, Магілёўская вобласьць
Паводле задумы Ігната Булгака, палац і парк у Жылічах мусілі быць найпрыгажэйшымі ў ваколіцах. Над праектам стопакаёвага палацу ў форме прастакутніка працаваў віленскі архітэктар Караль Падчашынскі. Інтэр’еры багата аздобленых пакояў засталіся на фатаздымках Яна Булгака.
Будынак, які параўноўваюць з Вэрсалем, быў разьмешчаны ў цэнтры таксама прастакутнага парку — з скульптурамі, басэйнамі і масткамі. Паркавыя алеі, калі глядзець зьверху, складалі першыя літары імя гаспадара лацінкай — I. B. Часткова парк закладзены на раўніне, празь якую цячэ рака Добасна, правы прыток Дняпра. Да гэтай пары захаваліся рэшткі павільёну-купальні, альтанак і масткоў, якія злучалі бераг з маляўнічымі астраўкамі.
Пэйзажная частка парку зь мясцовымі і экзатычнымі дрэвамі і кустамі зьявілася ў 1930-я гады. Парк «Добасна» цягнецца з усходу на захад на 18 гектараў. Палацавы-паркавы комплекс Булгакаў з вадаёмамі, садамі і гаспадарчымі збудаваньнямі займае каля 100 гектараў. Цяпер парк даглядаюць. У палацы разьмешчаны музэй.
4. Палацава-паркавы ансамбаль Сапегаў — Патоцкіх у Высокім
Камянецкі раён, Берасьцейская вобласьць
Узьвядзеньне новага палацу, які захаваўся ў Высокім, ініцыявала Пелагея Сапега, народжаная Патоцкая. Яе партрэт і сёньня вісіць у жоўтай залі каралеўскага палацу ў Варшаве.
Мураваны аднапавярховы палац з фасаду ўпрыгожаны мансардаю з портыкам на чатырох калёнах. Палац — цэнтар кампазыцыі паўночнай часткі парку. Увіты дзікім вінаградам і кірказонам фасад быў скіраваны да ракі Пульвы, што цячэ ў Буг, і меў невысокую тэрасу з каменнымі лесьвіцамі, адкуль адкрывалася велічная панарама на зялёныя паплавы ў рамцы лесу. Выйсьці ў парк можна было зь вялікай гасьцёўні.
Прыродным сылюэтам заходняга берагу Пульвы пасуюць штучна створаныя расьлінныя кампазыцыі, ставы і канал. У канцы ХІХ стагодзьдзя пераплянаваньнем парку займаўся вядомы спэцыяліст у ляндшафтным дызайне Валерыян Кронэнбэрг. Тут зьявіліся алеі і аглядныя пункты, абарончыя валы старой фартэцыі сталі выцягнутымі палянамі, а роў — вадаёмам зь перакінутым празь яго мостам.
У парку расьце шмат рэдкіх дрэў: гледычыя, пірамідальны дуб, заходняя туя, эўрапейская лістоўніца, аўстрыйская хвоя. Асноўным маршрутам для шпацыраў у парку застаецца каштанавая алея. Шырынёю пяць мэтраў і працягласьцю каля чатырохсот, яна вядзе ад рачных паплавоў да абарончага валу.
5. Палацава-паркавы ансамбль Умястоўскіх у Жамыславе
Івейскі раён, Горадзенская вобласьць
Настальгуючы па былой велічы Рэчы Паспалітай, Юзэфа Ўмястоўская задумвала рэзыдэнцыю ў Жамыславе як паменшаную копію палацу Лазенкі ў Варшаве.
Праект, верагодна, належыць львоўскаму скульптару Леанарду Марконі. На даху палацу архітэктар зьмясьціў прагулачную пляцоўку з бэльвэдэрам у форме куба. Ніжэйшыя прыбудовы маюць адкрытыя тэрасы. З пляцовак адкрываецца від на раку Гаўя і штучны стаў, злучаны з рэчкай грэбляю, — нездарма комплекс называлі «Жамыслаўскай Вэнэцыяй», а гаспадары мелі лодачную станцыю для водных прагулянак.
Вакол сядзібы закладзены прыгожы парк, падзелены Гаўяй на дзьве часткі: рэгулярна-парадную вакол палацу і пэйзажную на зарэчным баку. Парк непрыкметна пераходзіў у лес. Двухпавярховы палац быў цэнтрам кампазыцыі. Да яго вяла ліпавая алея даўжынёю 80 мэтраў. У парку пасадзілі клёны, елкі, таполі, лістоўніцы, ясені. Большасьць дрэваў расьце і цяпер. З гаспадарчых пабудоваў захаваліся сьвіран, лядоўня, вінакурня, два флігелі.
6. Палацава-паркавы комплекс Валовічаў у Сьвяцку
Горадзенскі раён, Горадзенская вобласьць
Палац паводле праекту італьянскага архітэктара Джузэпэ дэ Сака па-мастацку ўпісаны ва ўзгорыстую мясцовасьць у ваколіцах Сьвяцку.
Узьведзены ў стылях барока і клясыцызму, ён стаў цэнтрам палацава-паркавай кампазыцыі. Пэйзажны парк, закладзены на двух пагорках, называлі самым маляўнічым у ваколіцах. У лагчыне сыстэма вадаёмаў і каналаў на розных узроўнях, за імі — густы лес. У парку пераважаюць мясцовыя пароды дрэваў — ясені, клёны, ліпы, сосны. У паўднёвай частцы парку захавалася ўзвышэньне для агляду ваколіцаў — бэльвэдэр.
Парк плошчай амаль 12 гектараў пакрысе парадкуюць. Захавалася водная сыстэма парка. Частка азёраў мае гістарычны выгляд, астатнія прыстасаваныя для адпачынку. У палацы плянуюць адкрыць аздараўленчы комплекс. Ён зручна месьціцца — стаіць на мяжы Літвы, Польшчы і Беларусі.
7. Палацава-паркавы комплекс Агінскіх у Залесьсі
Смаргонскі раён, Горадзенская вобласьць
Над палацам для Міхала Клеафаса Агінскага ў Залесьсі працавалі віленскія дойліды Міхал Шульц і Юзаф Пусэ. Узьведзены ў стылі клясыцызму, ён вонкава просты і рацыянальны. З гадзіньнікавай вежачкай, галерэямі і дзьвюма аранжарэямі.
Палац разьмешчаны ў пачатку парку ля скрыжаваньня дзьвюх дарог-прысадаў. Пачаткова пэйзажны парк з перасечаным маляўнічым рэльефам закладзены на поплаве.
Садоўнік Пэўзнэр рэканструяваў парк у ангельскіх традыцыях — разьбіў яго на дакладныя геамэтрычныя надзелы і пасадзіў новыя дрэвы. Да палацу вяла абсаджаная стрыжанымі і дагледжанымі ельніцамі дарога. На беразе штучнага возера ўзводзіцца двухпавярховы вадзяны млын, а побач — батанічны сад з эўрапейскімі і амэрыканскімі экзотамі. Для адпачынку і роздуму былі дзьве альтанкі. Альтанка Амэліі была мураваная, паўкруглая з чатырохкалённым портыкам, а з круглай «кітайскай» альтанкі з драўлянай галерэяй можна было назіраць за жывёламі ў зьвярынцы.
Мясьціны, якія натхнілі кампазытара на знакаміты палянэз, які ўпершыню прагучаў менавіта тут, адкрытыя для наведваньня.